Усміхніцеся, вас здымае… лес. На лясных прасторах Ляхавіцкага раёна вахту нясуць чатыры фотапасткі

З нядаўняга часу ў некаторых лясных масівах раёна, а часцей на з’ездах у лес з’явіліся знакі, якія больш звыкла бачыць у магазінах ці банках: «Вядзецца назіранне». Хто і для чаго гэта назіранне вядзе?

Як расказалі ў Ляхавіцкім лясгасе, на прасторах раёна вахту нясуць чатыры фотапасткі. Іх так проста і не заўважыш – яны старанна замаскіраваны, могуць доўга працаваць у аўтаномным рэжыме і перыядычна пераносяцца з месца на месца.

Аб наяўнасці ў лесе назірання наведвальнікаў звычайна папярэ-джваюць шыльды. Тым не менш, заўважаюць іх далёка не ўсе, ды і не ўсіх палохае перспектыва паўдзельнічаць у такой «фотасесіі». Адна з прычын такой абыякавасці – меркаванне, што фотакадры будуць невыразнымі і размытымі. Але гэта далёка не так. Якасць здымкаў дазваляе добра разгледзець не толькі нумары машын, але і твар парушальніка.

У гэтым годзе ў аб’ектыве фотапастак «засвяціліся» два парушальнікі. Абодва прыехалі на аўтамабілях у лес падчас дзеяння забароны. Парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, атрымалі штрафы.

Дарэчы, у мінулым годзе фотапасткай быў зняты парушальнік. Пры правядзенні лесанарыхтоўчых работ трактарыст індывідуальнага прадпрымальніка выкідваў бытавое смецце ў лесе. Ён таксама прыцягнуты да адказнасці.

Ірына КУЗЬМІЧ.