Казачны свет на дзіцячай пляцоўцы. У Ляхавічах падвялі вынікі раённага агляду-конкурсу дзіцячых пляцовак

Па дарозе ў дзіцячы садок зазірнуць у госці да казачных персанажаў? Праплыць пад ветразем карабля ці асядлаць Канька-Гарбунка? Лёгка! Усіх гэтых і мноства іншых герояў можна сустрэць на дзіцячых пляцоўках, якія для раённага агляду-конкурсу падрыхтавалі педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі.

У конкурсе прынялі ўдзел педагогі з 15 дзіцячых садкоў. Усе яны на суд журы прадаставілі матэрыялы для завочнага ўдзелу ў конкурсе: мультымедыйныя прэзентацыі гульнявых пляцовак, фота- і кінарэпартажы дзейнасці выхаванцаў, а таксама матэрыялы аб адукацыйнай прасторы на тэрыторыі ўчасткаў.

Да стварэння пляцовак канкурсанты падышлі адказна: работы атрымаліся яркімі і крэатыўнымі, а галоўнае – адпавядаюць усім патрабаванням бяспекі і санітарна-тэхнічным нормам.

Журы было няпроста вызначыць лепшых. Відаць, што кожны педагог імкнуўся ўкласці ў конкурсную работу часцінку сваёй любві да выхаванцаў. У выніку, месцы падзяліліся наступным чынам.

Дыпломамі аддзела па адукацыі райвыканкама былі адзначаны восем педагогаў. Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны выхавальнікі ясляў-сада № 4 Алена Лаўрэнава і Востраўскага дзіцячага сада Галіна Дваракоўская. Дыпломамі II ступені – выхавальнікі Начаўскага дзіцячага сада Алена Кулік і дзіцячага сада № 2 Алена Зубік. Дыпломамі III ступені – выхавальнікі ясляў-сада № 3 Людміла Кахавец, Жарабковіцкага дзіцячага сада Кацярына Жалезная, Дараўскага ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа» Вольга Ракуць, Тухавіцкага дзіцячага сада Ніна Кавальчык.

Адзначаны падзякамі аддзела па адукацыі кіраўніцтва і педагагічныя работнікі ясляў-сада № 1 г. Ляхавічы, Задворскага, Ліпскага, Навасёлкаўскага, Русінавіцкага дзіцячых садкоў, Малагарадзішчанскага ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа», Падлескага ВПК «дзіцячы сад – базавая школа».

Ірына КУЗЬМІЧ.