Артэфакты без тэрміну даўнасці. Беражліва захоўвае памяць гісторыка-краязнаўчы музей Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча

Мір і згода – каштоўнасці, вечныя на стагоддзі. Планаваць сваё заўтра, мець магчымасць займацца справай па душы, радавацца сонечным промням і натхняцца колерам кожнага дня – шчасце. Маці з каляскамі, радасныя навасельцы, школьнік з ранцам, свежаспечаны хлеб на стале, кветкі каля дома – мірныя моманты, напоўненыя спакоем, надзеяй і верай. Гэта падарунак пакалення пераможцаў сваім нашчадкам. У Дзень Незалежнасці Беларусі, 3 ліпеня, – свята ў кожным доме, у вялікіх гарадах і малых вёсачках нашай краіны. Памятаць і шанаваць подзвіг герояў Вялікай Айчыннай – абавязак нашчадкаў.

Беражліва захоўвае памяць і гісторыка-краязнаўчы музей Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча. «Першыя старонкі гісторыі вёскі Крывошын», «Баявая слава беларускага народа», «Мінулае і сучаснасць нашага краю» – яго экспазіцыі, дзе размешчана больш за тысячу дарагіх рэліквій. Статус пачынальніка краязнаўчай работы, нястомнага следапыта і арганізатара экскурсій належыць першаму кіраўніку школьнага музея – настаўніку гісторыі Леаніду Чаранкевічу. Каля вытокаў стварэння стаяў і колішні дырэктар школы Казімір Плюцінскі.
І яшчэ шмат людзей прыклалі намаганні і сілы, каб унікальныя артэфакты вучылі-выхоўвалі. Зараз справу сваіх папярэднікаў працягваюць настаўнік гісторыі Кацярына Гачко і рабяты-экскурсаводы.
Спынімся ў зале «Баявая слава беларускага народа». Ганаровае месца тут адведзена славутаму ўраджэнцу Крывошына – Герою Савецкага Саюза генерал-маёру Гаўрыілу Здановічу. На яго раўняюцца, ім ганарацца землякі. Унукі і праўнукі, гэта вашы гераічныя дзяды і прадзеды: поўныя кавалеры ордэна Славы Аляксандр Іванавіч Малевіч і Рыгор Фёдаравіч Нагорны. Сярод кавалераў ордэна Славы, па музейных звестках, В.Л. Лобан, М.Е.Адзярыха, А.А.Дзядзюля і іншыя, у Крывошынскім сельсаве-це – А.М. Вайцешык, І. В. Гатоўчыц, Ф. С. Курловіч, С.І.Івановіч, П.Г.Жук, Ф.А.Герасімовіч, П.П.Собаль. Радкі прозвішчаў герояў можна працягваць і працягваць.
Асобная ўвага ў экспазіцыі – Ляхавіцкаму падпольнаму РК ЛКСМБ. Тут і фотаздымкі Крывошынскай падпольнай камсамольска-мала-дзёжнай групы: расстраляны фашыстамі П. А. Чаранкевіч, Р. В. Ліхадзіеўскі, загінулі 18-гадовымі А. А. Зубелевіцкі, А. А. Чаранкевіч і іншыя. Партызаны і сувязныя, члены падпольнага абкама і райкама ЛКСМБ, Малышэўская падпольная камсамольска-маладзёжная група – пра ўсіх ведаюць і памятаюць. Падпольны РК КП(б)Б, партызанскія атрады імя А. В. Суворава, «Сокалы», партызанскія брыгады і злучэнне імя Чорнага, камандзіры, салдаты, успаміны – інфармацыя кароткая, але ёмкая: яны набліжалі Перамогу.
Каля стэнда «Яны змагаліся за Радзіму» школьнікі і педагогі затрымліваюцца трохі даўжэй – з фотаздымкаў на многіх з іх глядзяць родныя людзі, пра якіх рабятам расказвалі бацькі… Асаблівае хваляванне выклікае экспазіцыя, прысвечаная выданню «Совецкага патрыёта» – кадры эксклюзіўныя і дарагія. Як і ўсё тут. За кожным экспанатам – лёс асобнага чалавека.
Ад дзядоў і прадзедаў унукам і праўнукам перадаюцца падрабязнасці бою, падчас якога 7 ліпеня 1944 года быў вызвалены Крывошын. За яго змагаліся салдаты 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Каб вызваліць вёску, неабходна было фарсіраваць рэчку Ліпніцу. Дажджу мінамётнага агню фашысты не вытрымалі і адступілі ў бок вёскі Востраў, а на сваім шляху падпалілі Шчэрбава…
Амаль два дзесяцігоддзі назад 7 лістапада музею баявой славы сярэдняй школы вёскі Крывошын уручаны нагрудны памятны знак «Ветэран 48-й гвардзейскай стралковай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава II ступені Крыварожскай дывізіі».
Гісторыка-краязнаўчы музей Крывошынскай сярэдняй школы імя Г.С. Здановіча – у раёне адзін з вялікіх і ўкамплектаваных экспанатамі. Колькі тут прайшло сустрэч, урокаў мужнасці і гісторыі, колькі рабят у музейнай атмасферы асэнсавалі паняцці Айчына, Радзіма і доўг.
Адметна, што школьнае імя адноўлена ў год юбілею Перамогі, у Год малой радзімы.
Музейная плошча не абмяжоўваецца школьнымі пакоямі – у двары ўстаноўлены мемарыял-помнік, што ўшаноўвае памяць герояў-лётчыкаў, загінулых на пачатку вайны. На будынку ўстановы адукацыі некалькі мемарыяльных дошак – сімвал памяці і ўдзячнасці землякам. У кнізе народнай памяці музея занатаваны шматлікія водгукі гасцей. Адзін з іх: «Вучні выпуску 1978 года з задавальненнем наведалі школьны музей. Тут жыве гісторыя».
Дырэктар СШ Ала Гуліцкая падкрэслівае, што школьны музей дае магчымасць не толькі вывучаць мінулае, але і актыўна далучыцца да гісторыка-краязнаўчай дзейнасці. Значыць, памяць жыве, і пакаленні нашчадкаў ведаюць пра подзвіг герояў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.