Лета кліча ў студатрады. Сёлета на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна працоўную вахту нясуць восем студатрадаў

Усюды, дзе паяўляюцца гэтыя рабяты, – маладзёжны запал, крэатыў, творчасць. А як кіпіць праца! Ужо традыцыйна летам некаторыя юнакі і дзяўчаты ў складзе студатрадаў адпраўляюцца ў арганізацыі горада і раёна, каб правесці час з карысцю. Пра дзесяць дзён, якія яны там адпрацуюць, будзе нагадваць запіс у працоўнай кніжцы. Яе выдадуць кожнаму пры канчатковым разліку. Ды і заробленыя ўласнай працай грошы – таксама прыемны бонус.

Каб трапіць у студатрад, рабятам з ЛДАКа трэба папрацаваць і на навучальных «прасторах». Абавязковыя ўмовы – членства ў БРСМ, актыўны ўдзел у жыцці каледжа, паспяховая вучоба, адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў для выканання сельскагаспадарчых і іншых работ, узрост не менш за 18 гадоў.

Сёлета на тэрыторыі раёна працоўную вахту нясуць восем студатрадаў. Два з іх ужо скончылі сваю працу. Студатрад імя Южакова ўдарна папрацаваў у лясгасе, імя Дзесюкевіча – шчыраваў у СВК «Ляхавіцкі».

Як расказаў першы сакратар райкама ГА БРСМ Яўгеній Сініла, плануецца, што яшчэ тры атрады адправяцца на працу ў ААТ «Жарабковічы», самы шматлікі працоўны дэсант з 26 чалавек высадзіц-ца ў ДП «Нача», па адным атрадзе будзе накіравана ў «Шлях Новы» і
ДРБУ-200.

З 24 ліпеня працоўную вахту нясуць сем навучэнцаў аграрнага каледжа ў студатрадзе імя Лазо. Рабяты працуюць на авечкаферме «Канюхі» ААТ «Жарабковічы».

Тут студатрадаўцы адточваюць на практыцы веды, якія атрымалі ў час вучобы: вакцынуюць ягнятаў, стрыгуць авечак, чысцяць капыты, апрацоўваюць ад паразітаў, дапамагаюць ва ўборцы.

Навучэнка агракаледжа Алеся Грук працуе ў студатрадзе ўжо другі год.

– Гэта выдатная падтрымка для будучага спецыяліста: прымяняеш веды на практыцы, даведваешся нешта новае. Ды і каманда ў нас сабралася адменная: з рабятамі адно задавальненне і папрацаваць, і весела адпачыць.

З дзяўчынай згодна яе калега па атрадзе Марына Лапіч.

– Здорава, што лета можна правесці з карысцю. Не толькі для сябе, але і для прадпрыемства, дзе працуеш. Тут да нас выдатнае стаўленне, заўсёды падкажуць, пакажуць, дапамогуць. А грошы, якія зарабляеш уласнай працай, траціць удвая прыемней, – кажа дзяўчына.

Сваю змену атрад імя Лазо завершыць 8 ліпеня.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фото аўтара.