Сабраць і закансерваваць. На Ляхавіцкім кансервавым заводзе – гарачы сезон нарыхтовак

Добры гаспадар ведае: каб восень і зіма былі сытымі, улетку трэба прадукцыйна папрацаваць. На Ляхавіцкім кансервавым заводзе з гэтай аксіёмай поўнасцю згодны – не першы год прадукцыя прадпрыемства займае прызавыя месцы ў спажывецкіх конкурсах, ляхавіцкае з задавальненнем раскупляюць не толькі ў нас у краіне, але і за яе межамі. Зараз на заводзе – гарачы сезон нарыхтовак.

У букеце спакуслівых водараў лета адна з найбольш вядомых і характэрных нотак – водар клубніц. Сезон яе, на жаль, хуткацечны, таму самы час падумаць пра нарыхтоўкі ў запас. Як расказаў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук, сёлета плануюць нарыхтаваць ад 1 да 5 тон ягады, якую пусцяць на варэнне. Пастаўкі плануюцца з Лунінца.

З Альшан на завод прыехалі 40 тон свежых агуркоў, у бліжэйшы час яны будуць закансерваваны. Таксама на гэтым тыдні правядуць трэці зрэз шчаўя. І зноў жа – у банкі, каб гаспадыні маглі парадаваць сваіх дамашніх зялёным баршчом. На чарзе – соусы, павідла і сокі.

Усяго ў асартыменце прадпрыемства каля 100 найменняў кансерваванай прадукцыі. А калі захочаце паласавацца варэннем або агурочкам з банкі – калі ласка, у фірменную краму «Заводскую».

Ірына КУЗЬМІЧ.