Ад чыстага сэрца. На Ляхавіччыне традыцыя наведвацца напярэдадні 3 ліпеня да асабліва паважаных землякоў з падарункамі вытрымана часам

А яшчэ, як знак прызнання заслуг чалавека перад Радзімай – малой, вялікай, колішняй у прасторах СССР і, канешне ж, той, што сёння Беларуссю завецца, і Дзень Незалежнасці якой мы святкуем 3 ліпеня.

Не факт, што падобная акцыя праводзіцца ва ўсіх раёнах краіны. На Ляхавіччыне ж традыцыя наведвацца напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята да заслужаных і асабліва паважаных нашых землякоў з падарункамі вытрымана часам, прадыктавана самымі добрымі памкненнямі і «гарантавана» рашэннем раённага выканаўчага камітэта.
У розныя гады і падарункі былі розныя. Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне рай-выканкама Дзіяны Трысцень, крытэрыямі ў выбары служаць практычнасць, якасны складнік, факт непаўторнасці падарункаў. Прэзентам бягучага года сталі камплекты пасцельнай бялізны, «узмоцненыя» арыгінальнымі віншавальнымі адрасамі і шчырымі словамі-пажаданнямі. Эксклюзіў адрасоў у тым, што выкананы яны былі супрацоўнікамі райбібліятэкі –
ад распрацоўкі дызайну да поўнага ўвасаблення. Загалоўнымі з’яўляліся пажаданні здароўя. Яно для ўсіх нас першае багацце, а для людзей даўно не маладых, з грузам неверагодных выпрабаванняў за спіной – і падаўна.
Падарункі атрымалі чатыры дзясяткі чалавек. Сярод іх франтавікі і працаўнікі тылу Вялікай Айчыннай вайны, асобы, якія пацярпелі ад яе наступстваў, Героі Сацыялістычнай Працы і іншыя заслужаныя людзі раёна. Сёння на Ляхавіччыне пражывае сем інвалідаў і чатыры удзельнікі вайны.
Да жыхароў сельскай мясцовасці з падарункамі, віншаваннямі і пажаданнямі ўсяго найлепшага завіталі старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў. Гараджан віншавалі старшыні раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса і раённага савета ветэранаў Мікалай Юрлевіч. Усё было вельмі шчыра, душэўна.
– Можа ёсць якія пытанні – звяртайцеся, – цікавіўся старшыня райсавета дэпутатаў.
– Пакуль няма, а калі ўзнікнуць – знойдзем, – прагучала ў адным з выпадкаў «абяцанне» ў адказ.

Іван КАВАЛЕНКА.