Паспяхова выступілі на абласной навукова-практычнай канферэнцыі ляхавіцкія школьнікі

Усё больш нашых юных землякоў цікавяцца пытаннямі, што не ўваходзяць у курс школьнай праграмы. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў шукаюць адказы на хвалюючыя іх праблемы, праводзяць даследаванні, робяць свае першыя вынаходніцтвы.
На пачатку лютага ў Брэсце на базе ліцэя № 1 імя А. С. Пушкіна прайшла абласная навукова-практычная канферэнцыя «З навукай у будучыню». На ёй 7 школьнікаў з нашага раёна паспяхова прадставілі свае работы.
Дыпломам 1 ступені па выніках абласной канферэнцыі ўзнагароджана адзінаццацікласніца СШ № 1 г. Ляхавічы Крысціна Сокал за работу «Сінтэтычныя мыйныя сродкі «Купляйце беларускае! «. Крысціна некалькі разоў удала ўдзельнічала ў раённай алімпіядзе па абслуговай працы і як прыхільніца айчынных тавараў зацікавілася адрозненнем якасці беларускага пральнага парашку ад імпартнага. У выніку праведзеных доследаў старшакласніца разам з педагогам Інай Бортнік прыйшлі да высновы, што парашок ААТ «Бархім» добра і якасна адмывае, а каштуе танней. Даследаванне прынесла перамогу.
Дыплом 2 ступені атрымалі вучаніца СШ № 2 Марыя Пятух за работу «Месца і значэнне Брэсцкай вобласці ў канфесіянальнай прасторы сучаснай Беларусі» (настаўніца Таццяна Маслоўская), навучэнка гімназіі Дар’я Герус за працу «Некласічныя прыкметы падабенства трохвугольнікаў» (настаўніца Тамара Халадзінская). Дыпломам 3 ступені адзначана работа Дзяніса Курбанбекава з Малагарадзішчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад — сярэдняя школа» «Стварэнне і даследаванне праграмы па развіцці хуткасці чытання і друку ў школьнікаў» (настаўнік Аляксандр Касабуцкі).
Пахвальны водгук атрымалі даследаванні вучня СШ № 1 Арцёма Бортніка (настаўніца Таццяна Кузакова), гімназістаў Аліны Жданюк (настаўніца Лідзія Чарток) і Ягора Маляра (настаўніца Лаліта Сабалеўская).
Святлана МАРГАЕВА,
загадчыца раённага
вучэбна-метадычнага
кабінета.

Фота з сайта
http://lyahovichi.edu.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *