Песня мая – Беларусі. Ляхавіцкі раён занесены на Дошку гонару Брэсцкай вобласці

Фота Валерыя КАРАЛЯ, «Заря»

Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Брэсце ўзнагародзілі ўладальнікаў звання «Чалавек года» і ўручылі Ганаровыя дыпломы пераможцам абласнога спаборніцтва. Выдатны старт святкавання!

Пра тое, што Ляхавіцкі раён прызнаны пераможцам спаборніцтва за дасягненне ў 2019 годзе найлепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод раёнаў і занесены на Дошку гонару Брэсцкай вобласці, «ЛВ» паведамляў ужо.
А на мінулым тыдні ў аблвыканкаме адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў. Ганаровы дыплом старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс уручыў кіраўніку раёна Аляксандру Камінскаму.
Прыемна, што сярод 16 жыхароў вобласці, удастоеных ганаровага звання «Чалавек года Брэстчыны», таксама ёсць наш зямляк – начальнік райаддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Студзянічнік.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Самае святочнае сваё ўбранне Ляхавічы «апранулі» напярэдадні. Яркае, трапяткое і ўсё больш у родных, беларускіх – чырвона-зялёных колерах. Нагода не проста важная – галоўная чырвоная дата года.


З самага ранку 3 ліпеня горад пачынаў напаўняцца атмасферай асаблівага настрою, памножанага на магутны каэфіцыент урачыстасці. І тым больш, чым бліжэй да дзённай кульмінацыі –
пачатку на плошчы Перамогі мітынгу «Беларусь мая – слава, надзея і гонар», прымеркаванага да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пасля кароткага тэматычнага ўступу гучным, шчымліва-кранальным акордам «прагучала» над плошчай і ў сэрцах усіх прысутных мінута маўчання як знак вечнай памяці пра тых, хто не вярнуўся з вайны. Пад залпы ружэйнага салюта падножжа манумента патанае ў жалобных вянках і кветках. Ад ветэранаў і цяперашніх вайскоўцаў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў Ляхавіччыны, раённай улады.
З віншавальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.
– Гэта свята вызначана воляй нашага народа, яно сведчыць аб гістарычнай памяці і пераемнасці пакаленняў. У нашых сэрцах незалежнасць Беларусі непарыўна звязана з яе вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Салдаты Перамогі прайшлі гераічны шлях, змагаючыся за мірнае, спакойнае, стваральнае жыццё – у гэтым і заключаецца галоўная праўда пра вайну. Мы абавязаны яе берагчы і адстойваць, перадаць нашым дзецям, унукам, праўнукам. Сёння мы схіляем галовы перад светлай памяццю ўсіх, хто не прыйшоў з вайны, смуткуем аб ветэранах, якія пайшлі ўжо ад нас, дзякуем усім, хто побач з намі, за падараваную магчымасць жыць, працаваць, рэалізоўваць свой патэнцыял у мірнай краіне, – адзначыў кіраўнік раёна. – Сёлета Ляхавіцкі раён занесены на Дошку гонару Брэсцкай вобласці за дасягненне найлепшых паказчыкаў у выкананні заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця па выніках 2019 года. У гэтым дасягненні вынік працы кожнага з вас. Словы глыбокай павагі і вялікай падзякі адрасую ўсім працаўнікам, хто сваімі талентам, працай і энергіяй уносіў неацэнны ўклад у стварэнне матэрыяльнага, інтэлектуальнага патэнцыялу нашага раёна. У гэты святочны дзень шчыра жадаю ўсім здароўя, шчасця, міру, згоды, узаемаразумення, дабрабыту. Няхай нашы добрыя справы толькі прымнажаюць славу нашай малой радзімы.

Найбольш паспяховыя па выніках мінулага года прадпрыемствы, калектывы, асобныя працаўнікі Ляхавіччыны атрымалі пасведчанні аб занясенні на Галерэю славы. Дыпломы аб прысваенні ганаровага звання «Чалавек года» былі ўручаны дзевяці нашым землякам – прадстаўнікам розных галін і сфер дзейнасці.
Узнагароды атрымалі лепшыя працаўнікі АПК і пераможцы раённага конкурсу архітэктурных макетаў гістарычных аб’ектаў раёна «З глыбіні стагоддзяў». Экспазіцыя, дарэчы, пачала працаваць у святочны дзень на беразе ракі Ведзьмы на зоне адпачынку.
Святкаванне Дня Рэспублікі прадоўжылася вечарам. Каб завяршыцца пасля адзінаццаці агульнарэспубліканскай акцыяй «Спяём гімн разам».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.