Новая кропка на спартыўнай карце раёна. Сёлета ў Ляхавічах з’явіцца яшчэ адзін спартыўны аб’ект

Ляхавічы – спартыўныя. З гэтым пагадзяцца, напэўна, усе. У нашым горадзе для здаровага і спартыўнага ладу жыцця створаны выдатныя ўмовы: працуе спартыўная школа з прафесійным трэнерскім складам і тэхнічнай базай, ёсць абсталяваная трэнажорная зала, тэніс і більярд. Аматары актыўнага адпачынку летам могуць арандаваць веласіпед, зімой – лыжы і канькі.

У 2018 годзе ў горадзе з’явілася варкаўт-пляцоўка, на якой і зараз кіпіць жыццё. Аўтарам ініцыятывы выступіла міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Экапраект», а фінансавалася яна са сродкаў Еўрапейскага Саюза па Праграме развіцця ААН.

А сёлета ў Ляхавічах з’явіцца яшчэ адзін спартыўны аб’ект, які, пэўна, спадабаецца аматарам футбола. У рамках рэалізацыі сацыяльнага праекта «Bonfesto – дзецям» на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры будзе пабудавана міні-футбольная пляцоўка. Работа ўжо актыўна вядзецца, выконвае яе камунгас.

Маштабны сацыяльны праект, які рэалізуюць сумесна ААТ «Тураўскі малочны камбінат», Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» і мясцовыя органы ўлады, накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця дзіцяча-юнацкага спорту.

Ірына КУЗЬМІЧ.