Каб спяшацца хутка. Аўтапарк ляхавіцкай райбальніцы зноў папоўніўся новай машынай хуткай дапамогі


Фельчар Віктар  Коктыш адным з першых ацаніў зручнасці новай 
машыны хуткай дапамогі.

Аказанне насельніцтву даступнай і якаснай медыцынскай дапамогі – адна з асноўных задач аховы здароўя. У нашым раёне яна вырашаецца не толькі праз аснашчэнне медустаноў сучасным абсталяваннем, але і з дапамогай абнаўлення бальнічнага аўтапарка. Днямі ён папоўніўся новай машынай хуткай дапамогі. Яе набыццё стала магчымым дзякуючы выдзеленым Брэсцкім аблвыканкамам сродкам у памеры амаль 120 тысяч рублёў.

Аўтамабіль «Форд Транзіт» змяніў на пасту «калегу», якая выпрацавала свой тэрмін службы.
– «Хуткая» абсталявана па апошнім слове тэхнікі – усім неабходным, што можа спатрэбіцца медыкам для аказання неадкладнай меддапамогі, – адзначае галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.
Ад сваіх папярэднікаў машына адрозніваецца тым, што ў салоне можна стаяць у поўны рост і дапамагаць хвораму нават падчас руху. Укамплектавана абноўка кіслародным абсталяваннем, жорсткім шчытом для пераноскі пацыентаў з траўмамі пазваночніка, маецца крэсла-каталка і г. д. Наогул, салон нагадвае ўтульны пакой, у якім прадугледжаны ўсе нюансы дзеля зручнасці і камфорту як медыкаў, так і пацыентаў.
Аддзяленне хуткай меддапамогі ЦРБ мае тры аўтамабілі, з якіх замена патрабуецца яшчэ аднаму. Дарэчы, абнаўленне пачалося напачатку мая, калі новы аўтамабіль быў набыты за кошт сродкаў, выдаткаваных з раённага бюджэту.
Георгій Хлябовіч падкрэслівае, што разам з іншымі медыкамі спецыялісты «хуткай» (у аддзяленні працуе тры брыгады) падчас павышанай каранавіруснай нагрузкі праявілі свае лепшыя прафесійныя якасці.
Загадчык аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Андрэй Пуцілаў не хавае задавальнення ад абноўкі і падкрэслівае, што зараз медыкі яшчэ хутчэй змогуць прыязджаць на выклікі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.