Раўненне на падпалкоўніка. Сярод тых, хто ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Брэстчыны», і начальнік Ляхавіцкага РАУС

«ЛВ» паведамляў ужо, што сярод тых, хто ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Брэстчыны», і наш зямляк – начальнік Ляхавіцкага раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Андрэй Студзянічнік  (на здымку).

21 год – столькі заняў яго шлях ад лейтэнанта да падпалкоўніка, ад участковага да галоўнага міліцыянера Ляхавіцкага раёна. І значная частка службовай дзейнасці звязана менавіта з малой радзімай – Ляхавіччынай (нарадзіўся Андрэй Леанідавіч у вёсцы Рачканы). Менавіта тут, у райаддзеле міліцыі, ён асвойваў азы прафесіі вартавога правапарадку, удасканальваўся ў прафмайстэрстве, спачатку сам набіраўся вопыту, а потым вучыў сваіх маладых калег.

– У літаральным сэнсе, і тэорыі, і практыцы вучыўся ў колішняга начальніка крымінальнага вышуку РАУС Вадзіма Генадзьевіча Зубіка. Гэта была выдатная школа. Потым і сам стараўся больш увагі ўдзяляць маладым міліцыянерам, не баяўся давяраць ім важныя справы, – расказвае Андрэй Студзянічнік.
Пасля 12 гадоў бездакорнай і выніковай міліцэйскай службы ў Ляхавічах мэтанакіраванага і перспектыўнага маёра міліцыі адправілі на павышэнне – першым намеснікам начальніка Баранавіцкага РАУС. Але ў 2017 годзе Андрэю Студзянічніку было наканавана зноў вярнуцца на малую радзіму і прадоўжыць службу цяпер ужо начальнікам райаддзела. Працаваць у знаёмым калектыве проста і складана адначасова. Андрэй Леанідавіч згуртаваў калег, па-новаму выбудавана сістэма работы ў многіх падраздзяленнях, асаблівая ўвага на кадравы патэнцыял – прыход маладых супрацоўнікаў і выкарыстанне бясцэннага вопыту ветэранаў міліцэйскай службы.
Вынік не прымусіў сябе чакаць. За работу ў 2019 годзе Ляхавіцкі РАУС атрымаў «дзясятку»: адзначаны пераходным прызам імя батальёна міліцыі Канстанціна Уладзімірава за высокую эфектыўнасць узаемадзеяння службаў органаў унутраных спраў у папярэджанні і раскрыцці злачынстваў. Узнагарода была ўручана Андрэю
Студзянічніку ў 2020-м, юбілейным для нашага РАУС, якому споўнілася 80 гадоў.
– Канешне, званне «Чалавек года» – важная і важкая асабістая ўзнагарода. Але такое прызнанне – заслуга ўсяго асабовага складу нашага райаддзела, дзе працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Лепш любых слоў – факты, якія, вядома, – рэч упартая. За апошні час зменшылася колькасць правапарушэнняў і злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, значныя станоўчыя зрухі і ў плане дарожнай бяспекі. Па раскрыцці крадзяжоў Ляхавіцкі РАУС лідзіруе сярод аналагічных падраздзяленняў вобласці. Таксама наш райаддзел адзін з лепшых і па раскрыцці асабліва цяжкіх злачынстваў. Але, бясспрэчна, у нашых супрацоўнікаў яшчэ вялікі патэнцыял, – адзначае Андрэй Студзянічнік.


Андрэй Леанідавіч перакананы, што яго прафесійныя поспехі і дасягненні сталі магчымымі ў многім дзякуючы таму, што дома яго заўжды чакаюць, што там надзейна і спакойна. І галоўны аўтар і стваральнік сямейнай утульнасці – жонка Таццяна, якая па жыцці ведае, што такое нялёгкая міліцэйская служба мужа. Магчыма, быць у будучым міліцэйскай дынастыі Студзянічнікаў, бо ёсць інтарэс да татавай прафесіі ў сыноў – 11-гадовага Уладзіслава і 9-гадовага Аляксея. А пакуль сям’я Студзянічнікаў віншуе любімага мужа і бацьку і бязмежна ім ганарыцца.
Да віншаванняў далучаецца і «ЛВ».

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.