Гэта было велічна. У Мядзведзічах загучаў арган

Гэты прыгожы куток Ляхавіччыны славіцца сваёй багатай і насычанай гісторыяй, пра яго жыхароў гавораць як пра людзей бязмерна ўлюбёных у сваю малую радзіму. А касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла – не толькі гістарычны гонар гэтай мясцовасці, а і яшчэ адна жамчужына, рэліквія Ляхавіччыны. Мядзведзічы загучалі, прычым і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.
Напярэдадні дня Святых апосталаў Пятра і Паўла, што, дарэчы, вельмі сімвалічна, у аднайменным храме загучаў на ўсю моц, дэманструючы сваю веліч, непаўторнасць, штосьці незямное, арган, які быў пабудаваны ў 1912 годзе. Кароль інструментаў, адноўлены і адрамантаваны, гучаў, які і павінен, – чыста, тонка, кранаючы ўсе струны душы.
Аўтар аргана з мядзведзіцкай прапіскай – вядомы польскі майстар Пётр Вайцяховіч. 17 рэгістраў і 924 трубы ад некалькіх сантыметраў да пяці метраў – менавіта такімі памерамі славіцца наш арган.

Але ж час, ён ніколі не пытае, мяняе ўсё і ўсіх… Аргану патрабавалася рука майстра, чалавека, які зноў удыхне жыццё ў інструмент, дазволіць заявіць на ўвесь свет пра мядзведзіцкі арган.
Жаданне мясцовай улады аднавіць мядзве-дзіцкую славутасць падтрымаў старшыня
СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко. А чалавекам, які месяцамі карпатлівых работ, старанна, ашчадна, з любоўю і павагай да велічнага месца, дазволіў загучаць гэтаму інструменту, стаў Аляксандр Бурдзялёў. Рука гэтага майстра дазволіла ізноў загучаць многім арганам у розных кутках краіны. Менавіта яго аўтарству належыць вядомая кніга «Арганы Беларусі».


… І вось той момант. Першыя ноты інструмента паліліся. Няма такіх слоў, каб перадаць, як гэта было. Досыць бачыць эмоцыі, уражанні тых, хто ў той дзень раздзяліў гэтую чаканую падзею. Слёзы на вачах мясцовых жыхароў, якія памятаюць складаны лёс караля інструментаў, і якія ізноў пачулі яго чароўнае гучанне, нібы таго, новенькага, з пачатку ХХ стагоддзя.


Адкрыць абноўленую гісторыю мядзведзіцкага аргана даверылі народнаму артысту Беларусі выкладчыку Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ігару Алоўнікаву. Ён адзначыў незвычайнасць мядзведзіцкага аргана, які вызначаецца мяккім гучаннем, вялікім выбарам галасоў і рэгістраў. Таксама Ігар Алоўнікаў адзначыў высокую якасць рамонтных работ. Арган гучыць так, як павінен гучаць гэты ўнікальны інструмент.
Член Беларускага саюза кампазітараў Вольга Падгайская таксама падарыла прысутным сваё выступленне на мядзведзіцкім аргане.
На жаль, сённяшняя эпідэміялагічная сітуацыя не дазволіла ажыццявіць цудоўную ідэю – правесці тут, у нашых Мядзведзічах, міжнародны фестываль арганнай музыкі. Аднак прэзентацыя ўсё ж адбылася, як і канцэрт… Але пра ўсё па парадку.
Кіраўніцтва раёна ацаніла не толькі гучанне аргана, але і ажыццявіла экскурсію па мінулым храма, парафія якога ў свае часы дасягала сямі тысяч прыхаджан.
Святочны момант раздзяліў галоўны саветнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канойка. Ён адзначыў, што гэта свята, у першую чаргу, глыбокай грамадзянскай свядомасці. За час сваёй незалежнай гісторыі дзяржава зрабіла многае, каб захаваць гісторыка-культурную спадчыну. Ён падзякаваў за такія адносіны да малой радзімы.
– Для каталіцкай царквы Мядзведзічы з’яўля-юцца асаблівым месцам, таму што ў складаныя атэістычныя часы менавіта Мядзведзічы сталі цэнтрам нашай каталіцкай епархіі. І тое, што прэзентацыя адбылася, – гэта добры прыклад супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях: і касцёла,
і мясцовай улады, усіх людзей, для якіх вельмі важна і арганная музыка, і культурная спадчына краіны, – расказвае канцлер Пінскай епархіі Андрэй Рылко.
І хоць на канцэрце гледачоў было не нашмат больш чым тых, хто кранаўся клавішаў аргана, на справе іх будзе значна больш. Відэазапіс канцэрта арганнай музыкі хутка з’явіцца на YouTybe-канале «Ляхавічы і ляхавічане».
Як жа зачароўвалі творы Іагана Себасцьяна Баха, Макса Рэгера, Канстанціна Яськова…
– Асаблівае месца сярод гістарычных культавых аб’ектаў раёна займае касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Мядзведзіцкі арган –
другі па велічыні з вырабленых майстрам Вайцяховічам у Беларусі, з’яўляецца прадметам гонару прыхаджан не адно стагоддзе. У мінулым годзе, пачуўшы гучанне аргана на міжнародным фестывалі духоўнай музыкі ў Пінску, нарадзілася ідэя правесці падобнае мерапрыемства ў Мядзведзічах. У чэрвені 2019 го-
да ў касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла прайшоў канцэрт духоўнай музыкі. Класічныя творы пераважна былі выкананы на электронным аргане, і толькі невялікая іх частка – на гістарычным, няхай і расстроеным… Неабходнасць правядзення рамонтных работ была відавочная… І сёння ў нас ёсць унікальная магчымасць упершыню пачуць гучанне аргана пасля рамонту. У справе захавання духоўнай спадчыны, яе папулярызацыі, павелічэння турыстычнага патэнцыялу аднаўленне аргана вельмі важна і каштоўна для Ляхавіцкага раёна. Арган сваёй веліччу напоўніў новым зместам турыстычны маршрут па культавых аб’ектах нашага раёна. Мы спадзяёмся, што ў будучым годзе касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла стане месцам, дзе гістарычны арган будзе раскрыты ў выкананні лепшых арганістаў не толькі Беларусі, але і замежжа, – адзначыў падчас прэзентацыі старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея Варановіча.