Алея на памяць. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным прайшоў выпускны

Гэты хвалюючы момант, калі ты атрымліваеш запаветны дыплом і разумееш, што далей цябе чакае шмат цікавага – новы этап жыцця,першае працоўнае месца, рэалізацыя сябе як спецыяліста… 30 чэрвеня ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы 57 выпускнікоў атрымалі дыпломы, дзевяць з іх – з адзнакай.

«Выпускнікі-2020» – гэта 38 будучых аграномаў і 19 заатэхнікаў.

Размеркаванне на сваё першае месца працы маладыя спецыялісты атрымалі яшчэ ў лютым. Шмат хто застанецца працаваць у сельгаспрадпрыемствах Брэсцкай вобласці,ёсць і тыя, хто адправіцца на Гродзеншчыну і Міншчыну. У планах некаторых выпускнікоў працягваць вучыцца і паступаць у ВНУ па сваёй спецыяльнасці.

Зараз у каледжы не менш адказная пара – ідуць семестравыя экзамены, якія скончацца 17 ліпеня.

Дарэчы, сёлета выпускнікі каледжа далі пачатак добрай традыцыі – заклалі «Алею выпускнікоў». Кожная група цяпер будзе высаджваць па дрэве, каб пакінуць памяць пра сябе і праз шмат гадоў любавацца алеяй і ўспамінаць свой бесклапотны студэнцкі час.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота з архіва Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.