Неба ў надзейных руках ваеннаслужачых 1073- га каманднага пункта Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў Супрацьпаветранай абароны

Прыпынак «13-ты кіламетр» вядомы не толькі ляхавічанам. У гэтым жывапісным куточку раёна дыслакуецца некалькі воінскіх часцей, у тым ліку 1073- ці камандны пункт Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў Супрацьпаветранай абароны.Узначальвае яго з моманту заснавання ў 2002 годзе палкоўнік Сяргей Наліўка. Асноўная задача каманднага пункта — нясенне баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне рубяжоў краіны. Кожны дзень на баявое дзяжурства заступаюць афіцэры, кантрактнікі, салдаты тэрміновай службы. 90 працэнтаў асабовага саставу падраздзялення — жыхары Ляхавіччыны і Баранавіччыны.

Патрабаванні да ваеннаслужачых высокія — узровень адказнасці падраздзялення патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі і ад салдатаў, і ад афіцэраў. Менавіта таму камандаванне пункта само «падбірае» прызыўнікоў, фарміруе афіцэрскі састаў, вывучае ў ваенкамаце асабовыя справы будучых салдатаў. Перавага аддаецца больш падрыхтаваным да службы, хто вылучаецца такімі рысамі як адказнасць, добрасумленнасць, валявымі якасцямі. Блізкія тых, хто служыў, мараць менавіта пра такія ўмовы службы. Чаму?
Пагутарыла з намеснікам начальніка каманднага пункта па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнікам Вадзімам Цатуравым, і пытанне адпала само сабой. Атмасфера тут асаблівая. Такая ваенная проза жыцця побач з дамашняй утульнасцю і чысцінёй. Жыццё не стаіць на месцы — змяніліся патрабаванні і да сучаснай ваеннай службы, палепшыўся побыт салдатаў. Чаго варта змена абутку з кірзавых ботаў на берцы, 2 камплекты формы, наяўнасць у казарме пральнай машыны, трэнажора, теніснага стала ў спартыўным кутку, ёсць нават вялікі акварыум. Меню салдат — асобая тэма размовы. Мясныя стравы даюцца двойчы на дзень, а на вячэру рыба. Разбураны стэрэатыпы нестатутных адносін паміж «стараслужачымі» і «маладымі».

Дзяжурны па роце малодшы сяржант Аляксандр Сечых.

— Канешне, кожны салдат мае свой характар, але яны не дзеляць паміж сабой работу ў залежнасці ад перыяду службы, а выконваюць яе разам, — расказвае падпалкоўнік Цатураў.
Сучасная армія — складаны механізм, які патрабуе спецыяльных ведаў, пільнасці, дысцыпліны і адказнасці. Распарадак дня ўключае ў сябе баявыя дзяжурствы, заняткі, трэніроўкі, фізічную падрыхтоўку.
За час службы рабяты праходзяць шлях ад навабранца да прафесіянала, становяцца сапраўднымі мужчынамі, здольнымі пераадольваць цяжкасці, несці адказнасць не толькі за сябе, але і за сваіх таварышаў.
Спецыяльнасці планшэтыста, аператара, электрыка-механіка, вадзіцеля-электрыка, якія яны набываюць у сваіх падраздзяленнях, патрабуюць вытрымкі, дакладнасці дзеянняў, устойлівасці ўвагі. Планшэтысты наносяць на планшэт маршрут руху паветранага судна, а кантралююць дакладнасць палёту па зададзеным маршруце афіцэры, якія ўваходзяць у склад баявога разліку. З гонарам называе падпалкоўнік прозвішчы камандзіра аддзялення планшэтыстаў старшыны Віталія Пстыгі, планшэтыстаў яфрэйтараў Наталлі Шпак, Алены Лукашовай, Алены Шаўко.
Аператар апрацоўвае атрыманую інфармацыю і перадае яе ў кадзіраванай форме.

Дарогай бацькі — падпалкоўніка Вячаслава Чарапка — пайшла дачка Юлія Грыгаровіч.

— Сярод лепшых афіцэраў каманднага пункта — аператыўны дзяжурны падпалкоўнік Вячаслаў Чарапок, які 30 гадоў аддаў службе ва Узброеных Сілах. Ён шмат разоў узнагароджваўся камандаваннем па вы-ніках баявой падрыхтоўкі і дзяжурства. Яго прозвішча за высокія паказчыкі, дасягнутыя ў 2012 годзе, занесена ў Кнігу гонару вайсковай часці. Сямейную дынастыю ваенных прадоўжыла дачка Вячаслава Іванавіча Юлія Грыгаровіч. Яна старшы аператар кантролю паветранай абстаноўкі.
Аператыўныя дзяжурныя маёры Валерый Трапашка і Валерый Пятрэнка, памочнік аператыўнага дзяжурнага капітан Мікалай Каліноўскі, афіцэр групы кантролю старшы лейтэнант Міхаіл Козел, начальнік вузла аўтаматызаваных сістэм кіравання маёр Уладзімір Сень, начальнік группы аўтаматызацыі старшы лейтэнант Міхаіл Каваленка і многія іх саслужыўцы заслугоўваюць павагі за добрасумленнае нясенне службы.

Разборка-зборка аўтамата пад кантролем лейтэнанта Уладзіміра Клімовіча.

Салдатам ёсць з каго браць прыклад. Начальнік групы баявога кіравання зенітна-ракетнымі войскамі маёр Аляксей Шах — граматны і прафесіянальны афіцэр. Яго фатаграфія змешчана на Дошцы гонару часці. Камандзір роты кіравання лейтэнант Сяргей Бурба прайшоў шлях ад салдата тэрміновай службы да афіцэра, зарэкамендаваў сябе надзейным і адказным спецыялістам. Намеснік камандзіра роты кіравання лейтэнант Уладзімір Клімовіч умее знайсці падыход да кожнага салдата.
Да прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія служаць на камандным пункце, патрабаванні не менш строгія. Яны не горш за мужчын выконваюць свае абавязкі: нясуць баявое дзяжурства, праходзяць страявую, агнявую, ваенна-медыцынскую падрыхтоўку, здаюць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы.
Адным з этапаў праверкі гатоўнасці каманднага пункта да выканання баявых задач стане правядзенне стратэгічнага вучэння «Захад-2013» сумесна з расійскімі вайскоўцамі. Яны пройдуць у верасні, і менавіта падчас вучэнняў асабовы састаў зможа праявіць баявы патэнцыял, вывучку, высокую пільнасць і даказаць сваю значнасць.
У многім дзякуючы высокаму прафесіяналізму і энтузіязму палкоўніка Сяргея Наліўкі, падраздзяленне даўно і трывала стала перадавым, 8 гадоў запар заахвочваецца камандаваннем Ваенна-паветраных сіл і войскаў Супрацьпаветранай абароны за ўзорнае нясенне баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне.
— За дзесяцігоддзе ў вайсковай часці склаліся свае слаўныя традыцыі. Штодзённы рытуал заступлення на баявое дзяжурства з абавязковым выкананнем Дзяржаўнага гімна Беларусі, Дні адчыненых дзвярэй для бацькоў і родных ваеннаслужачых, уручэнне баявой зброі маладому папаўненню, цеснае супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой, паездкі па гістарычных мясцінах Беларусі, святкаванне дня СПА, — пералічвае Вадзім Цатураў.

Салдат абавязаны валодаць не толькі зброяй.

У такой арміі маладыя людзі хочуць служыць. Як, напрыклад, наш зямляк салдат Сяргей Татарыновіч. Ён з сям’і ваеннага, мэтанакіравана ішоў выконваць канстытуцыйны абавязак менавіта на камандны пункт. Па словах Вадзіма Цатурава, хоць і служыць салдат з лістапада, але паспеў зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку. Між іншым, Сяргей Татарыновіч, вадзіцель-электрык малодшы сяржант Ігар Зелянеўскі і радавы Алег Садко забяспечваюць падтрыманне ў спраўным стане баявой тэхнікі вузла аўтаматызаваных сістэм кіравання і выкарыстанне яе па прызначэнні на ўсіх вучэннях, што праводзяцца. Задаволена камандаванне службай салдатаў Антона Яраша, Аляксандра Сечых, Аляксандра Дыдышкі, Яўгенія Серады, Сяргея Чарніцкага , Віталія Жытко, Канстанціна Бухты, Андрэя Папчэні, Ігара Баравіка, Рамана Герасімчыка, Ягора Кухцянкова, Максіма Петракова, Аляксандра Талако.

Вучэбная трывога.

Можна прыгадаць шмат добрых прафесій. Але прафесія абаронцы Айчыны заўсёды лічылася высакароднай і ганаровай. Менавіта прафесіяналізм, адказнасць, патрыятызм, мужнасць характарызуюць ваеннаслужачых 1073-га каманднага пункта Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВ
ІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *