Ляхавічанін Аляксандр Русін выбірае аднойчы і назаўсёды

Наўрад ці думаў вясковы хлопец Саша Русін, што праз гады ён з гонарам будзе насіць пагоны падпалкоўніка і камандаваць цэлым дывізіёнам. Тады ў далёкім 1979 годзе ў дзесяцікласніка Ляхавіцкай СШ № 1 было дзве мары, і датычыліся яны выбару будучай прафесіі. Ён доўга вагаўся паміж прафесіяй Радзіму абараняць і прафесіяй абараняць закон. Абедзве адпавядалі значэнню яго імя: Аляксандр — значыць «абаронца».
— Доўга не мог вызначыцца, кім быць: ваенным ці юрыстам. Урэшце, спыніўся на першым. Магчыма, ролю адыгралі і гены — мой дзядзька таксама ваенны, — успамінае Аляксандр Русін.
Зроблены выбар — гэта палова справы, трэба было яшчэ вытрымаць іспыты і стаць курсантам. У юнака ўсё атрымалася. Высокі, дужы, з сапраўды ваеннай выпраўкай, спартсмен-аматар, які аднолькава любіў валейбол і баскетбол, з лёгкасцю з першых крокаў увайшоў у курсанцкае жыццё. Гады вучобы ў Мінскім вышэйшым інжынерным зенітна-ракетным вучылішчы войскаў супрацьпаветранай абароны праляцелі — не паспеў азірнуцца. І вось яно, размеркаванне, першае месца службы. У 1984 годзе малады лейтэнант, учарашні курсант Аляксандр Русін прыбыў на службу ў зенітна-ракетны полк Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі.
Ад 11 гадоў службы ў Казахстане ў Аляксандра Русіна засталося шмат успамінаў і не толькі. Па-першае, кар’ерны рост: ад начальніка аддзялення да камандзіра дывізіёна. Па-другое, званне: ад лейтэнанта да падпалкоўніка. Па-трэцяе, перамены ў асабістым жыцці: ён стаў сямейным чалавекам.
Прычым, адна заканамернасць: Аляксандр выбірае аднойчы і назаўсёды. Гэта датычыцца і прафесіі, і сяброўства, і сваёй другой палавінкі. Пасля чарговага водпуску з Беларусі на службу ён вярнуўся з маладой жонкай Аленай, сваёй зямлячкай, якая без доўгіх роздумаў паехала за мужам у Казахстан.
У 1995 годзе кадравы ваенны падпалкоўнік Аляксандр Русін для далейшага праходжання службы прыбыў у родную Беларусь, калі больш дакладна — у 8-ю радыётэхнічную брыгаду, якая дыслакуецца ў Баранавічах. І толькі ў 2007 годзе звольніўся ў запас.
Нехта, адслужыўшы верай і праўдай столькі гадоў, са спакойным сумленнем павесіў бы парадную форму ў шафу і вёў бы размеранае жыццё на заслужаным адпачынку. Толькі не Аляксандр. Ён уладкаваўся ў Ляхавіцкі раённы ваенны камісарыят галоўным спецыялістам мабілізацыйнай групы. А яшчэ, як і заўсёды, у гушчыні грамадскага жыцця. Пяты год узначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў».
— Мы, афіцэры, не можам і не маем права заставацца ў баку ад выхавання падрастаючага пакалення. Значнасць і важнасць такіх паняццяў як патрыятызм, адказнасць, пачуццё доўгу з гадамі не страціліся. Менавіта гэтыя якасці неабходна выхоўваць і ў сённяшніх юнакоў і дзяўчат, — перакананы Аляксандр Пятровіч.
Члены БСА частыя госці ў школах, пазашкольных установах, яны праводзяць урокі мужнасці, прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных акцыях і семінарах, канферэнцыях, плённа супрацоўнічаюць з раённай арганізацыяй БРСМ, ветэранскай арганізацыяй, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі. З кожным годам усё большую папулярнасць сярод старшакласнікаў школ Ляхавіччыны заваёўваюць вучэбна-палявыя зборы на базе вайсковых часцей батальёна кіравання, ініцыятарам правядзення якіх сумесна з аддзелам адукацыі стала менавіта райарганізацыя Беларускага саюза афіцэраў. Яе актывісты заўсёды ўдзельнічаюць ва ўрачыстасцях, прымеркаваных да дзяржаўных святаў і памятных дат.
Невядома, які б з Аляксандра Русіна атрымаўся юрыст. А вось афіцэр ён што ні ёсць самы сапраўдны. І хаця сыны Алег і Арцём не выбралі прафесію ваеннага (старэйшы выпускнік БНТУ, малодшы — дзесяцікласнік гімназіі), аўтарытэт бацькі для іх непахісны, а слова яго вызначальнае.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *