Першая ўборка. Для ляхавіцкіх ільновытворцаў наступіў асабліва адказны час

Ільноперапрацоўшчыкі гэтым часам адпачываюць – знаходзяцца ў чарговым штогадовым водпуску. Па меншай меры тыя з работнікаў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», што заняты на абслугоўванні вытворчай лініі па трансфармацыі трасты ў канчатковы прадукт – валакно. Працягваюць вахту рамонтнікі, а для працаўнікоў сельскагаспадарчага «цэха» –  ільновытворцаў – наступіў асабліва адказны і ці не самы напружаны перыяд работы – пачалася ўборка.

Стомленасць  металу

«Жалеза» таксама стамляецца, патрабуе адпачынку, прафілактычнага агляду і аздараўлення. Тым больш, разумна-складанае жалеза, у разрад якога, безумоўна, трапляе любы завод, заводзік, цэх. Вытворчасць спыняецца штогод. Па сітуацыі, але з тайм-аўтам лагічна не зацягваюць: спецыялістам дастаткова трох-чатырох тыдняў, каб перабраць заводу ўсе «костачкі» і наноў запусціць яго ў работу.
У выпадку з Ляхавіцкім ільнозаводам, да таго моманту яшчэ з дзясятак дзён часу: мяркуецца, што ўсе клопаты ў рамках рамонтна-прафілактычнага перыяду будуць завершаны да канца бягучага месяца. А зараз, можна сказаць, самы разгар аздараўлення прадпрыемства. Як ужо адзначалася, усё гэта запаралелена са штогадовым водпускам для многіх з членаў працоўнага калектыву. Многіх, але толькі не для тых з завадчан, хто займаецца вырошчваннем паўночнага шоўку. Іх цэлы мехатрад, у перавазе сваёй – механізатараў, машыністаў спецыялізаванай ільновытворчай тэхнікі, якія на працягу года шчыруюць на ніве даўгунцу. Палеткі рыхтуюцца яшчэ з восені, фундаментальна важным з’яўляецца час веснавой сяўбы. Ды і далей дні адпачынку ў заводскіх аграрыяў здараюцца нячаста. Фактычна адразу ж стартуюць так званыя доглядныя работы. У іх выпадку 2200 гектараў пасеваў неабходна неаднойчы прапалоць, правесці комплекс работ па абароне ад хвароб і шкоднікаў, «пачаставаць» мікраэлементамі.
– У залежнасці ад наяўнасці пустазельнай расліннасці і фазы
развіцця льну, за сезон праводзіцца тры чатыры хімапрацоўкі. Некаторыя з іх – сумешчаныя  ці комплексныя, – урок ільнаводства ад вядучага агранома прадпрыемства Мікалая Герасімовіча ўмяшчаецца ўсяго ў пару сказаў. Зрэшты, іх дастаткова, каб пераканацца ў патрабавальнасці валакністай культуры.

Церабленне як  першая ўборка

Мінулы сельгассезон заводскія льнаводы, іх «сыравінныя» партнёры з міжрайнасен-станцыі і Баранавіцкага райаграсэрвіса завяршылі даволі паспяхова: сабранай трасты хапіла для поўнай на працягу года загрузкі вытворчага канвеера і нават атрымалася сфарміраваць так званы пераходны запас трасты. Такім чынам, адкрываць новы – паслярамонтны – сезон ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» пачне на леташняй сыравіне.
Так было не заўсёды: іншым разам даводзілася працаваць «з колаў». А між тым, тыдзень назад стартавала церабленне льну ўраджаю-2020 – першая ўборка, як нярэдка можна пачуць у адрас гэтай аперацыі. У яе забеспячэнні завод задзейнічаў увесь свой тэхнічны патэнцыял – шэсць церабілак. На палетку паводзяць сябе хутка і спрытна: ва ўмовах максімальнай загрузкі кожны з апаратаў за дзень здольны «пакласці» каля 15 гектараў ільну.
– Разлікі на ўраджай? На даным этапе гаварыць мовай лічбаў пакуль не выпадае. Але ў цэлым сітуацыя выглядае няблага, ураджай абяцае быць не горш леташняга, – адзначае вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч.
У гэтым плане многае залежыць ад надвор’я, якое сёлета было хоць розным, але ў цэлым паспрыяла льнаводам. Сухі красавік, халодны май, на змену якому прыйшоў дажджліва-цёплы чэрвень – сама тое для набіраючых сілу, рост і масу раслін. Адзінае, у чым можна папракнуць другі месяц лета, – у пары-тройцы моцных з ветрам дажджах, месцамі з градам. Гэта «справакавала» палегласць асобных участкаў ільнопалёў.
– У той ці іншай ступені палегліца назіраецца прыкладна на кожным чацвёртым гектары пасеваў. Названы факт ускладняе працэс, але працуем. З мэтай паляпшэння цераблення палеглыя ўчасткі зараз апрацоўваюцца дэсікантамі. На большай частцы плошчаў такая работа праведзена ўжо, на астатніх працягваецца, – дзеліцца адметнасцямі тэхналогіі спецыяліст.
Праз дзясятак дзён пасля церабілак (хоць і ў даным выпадку неабходна зрабіць папраўку на надвор’е) у работу ўключацца льноачэсвальнікі. Іх задача – «адбіць» насенне і спадарожна выканаць першае абарочванне льностужак.
Насенне, да тэмы сказаць, у завода сваё. У бягучым сезоне, напрыклад, «матачнымі» з’яўляюцца 920 гектараў палёў –
найбольш спрыяльных па аграхімічных характарыстыках, засеяных высокарэпрадукцыйным насеннем. Але пра яго пазней.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.