Вітаміны з высокай ацэнкай. Узнагарода нарэшце дайшла да Ляхавіцкага кансервавага завода

З новымі ўзнагародамі, завадчане!

Узнагарода нарэшце дайшла да свайго героя. У якасці героя на гэты раз – Ляхавіцкі кансервавы завод.

А ўзнагарода – прызы прэстыжнага рэспубліканскага конкурсу спажывецкіх пераваг «Прадукт года». Конкурс, вынікі якога за мінулы год сталі вядомыя сёлета ў маі, іншы раз называюць народным, бо пры выбары лепшых прадуктаў улічваюцца меркаванне і выбар непасрэдна спажыўцоў прадукцыі, экспертнага прафесійнага журы з ліку навукоўцаў, экспарцёраў, прадстаўнікоў гандлю, грамадскага харчавання.
– Перамога ўдвая прыемней, калі канкурэнцыя высокая. Мы першы раз прадставілі свой тавар у 2017 годзе і адразу трапілі ў тройку пераможцаў, сёлета давялося змагацца за тытулы з больш як сотняй намінантаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Ляхавіцкі завод у намінацыях «салаты гатовыя», «соусы таматныя», «кансервы пладаагароднінныя» заняў другое месца, а ў намінацыі «сокі» –
трэцяе. І гэта выдатная нагода для гонару, – адзначае дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук.
Так што і ў 2021 годзе на этыкетках і ўпакоўках тавараў з ляхавіцкага кансервавага, прызнаных пераможцамі, будзе размяшчацца фірменны лагатып «Прадукт года». Гэта своеасаблівы сімвал якасці, які, упэўнены завадчане, абавязкова паўплывае на павелічэнне аб’ёмаў продажу тавару і дапаможа пакупнікам беспамылкова арыентавацца ў выбары натуральнай прадукцыі. А самы важкі аргумент на карысць таго, што кансерваваная прадукцыя прадпрыемства запатрабаваная, – устойлівы спажывецкі попыт на яе ў розных рэгіёнах Беларусі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.