Гаспадыням на заметку. Вечарам у РАНС паступіла паведамленне з Ліпска

Вечарам 8 ліпеня ў РАНС паступіла паведамленне з Ліпска пра ўзгаранне ў адной з кватэр – з памяшкання на першым паверсе ішоў дым. На месцы здарэння выратавальнікі ўстанавілі, што падгарэла ежа, і пагрозы людзям і маёмасці няма.
Каб пазбегнуць здарэнняў, у якіх можа быць трагічны фінал, неабходна выконваць правілы пажарнай бяспекі. Нельга пакідаць уключаную пліту без нагляду. Побач з прыборам не павінны знаходзіцца лёгка ўзгаральныя матэрыялы і прадметы.
Калі не справіліся з узгараннем адразу, выклікайце выратавальнікаў па тэлефонах 101 ці 112 і пакіньце памяшканне. Загарэўся алей у каструлі або на патэльні – ні ў якім разе не тушыце яго вадой або іншай вадкасцю. Алгарытм такі: выключыце канфорку і, па магчымасці, перакрыйце падачу газу і электраэнергіі. Накрыйце посуд накрыўкай да астуджэння алею, інакш агонь успыхне зноў. Каб абараніць рукі ад апёкаў, карыстайцеся прыхваткамі з грубай тканіны. Калі палаючы алей ці тлушч трапіў на падлогу або сцены, выкарыстоўвайце для тушэння пральны парашок або зямлю (можна з кветкавых гаршкоў).

Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.