Специальная техника Ляховичского ЖКХ протестирована в режиме штатной работы

Кіраваць новай тэхнікай даверана бацьку і сыну Ходарам: Эдуарду Аляксандравічу і Яўгенію.

Здаецца, вельмі дарэчы прыйшла на памяць вядомая прымаўка: на лечаным кані далёка не заедзеш. А калі ўмоўны конь у дадатак яшчэ і стары?.. У гэтай сувязі курс на паэтапнае, глыбокае і сучаснае пераабсталяванне прадпрыемстваў, названае мадэрнізацыяй, успрымаецца абсалютна арганічна, з’яўляецца важкай і ці не самай важнай умовай эканамічных перспектыў.
Свой дакладна пралічаны, узгоднены і зацверджаны на розных узроўнях план тэхпераўзбраення ёсць і ў раённых камунальнікаў. Як расказаў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі, толькі ў гэтым месяцы на мэты тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемства накіравала амаль мільярд рублёў. З уласнай кішэні, што называецца: без выкарыстання бюджэтных грошай, прыцягнення крэдытных рэсурсаў, іншых пазык.
Нядаўна купленая спецыяльная тэхніка пратэсціравана ўжо ў рэжыме штатнай работы. Спецаўтамабіль на шасі МАЗ — функцыянальна комплексная машына. Можа працаваць у якасці раскідвальніка антыгалалёдных пясчаных сумесяў, а таксама выкарыстоўвацца на расчыстцы дарог, вуліц, тэрыторый ад снега. Адпаведны рабочы орган уваходзіць у камплект пастаўкі, пры неабходнасці лёгка і хутка манціруецца-дэманціруецца. Тыдзень выкарыстання машыны пацвердзіў яе эксплуатацыйную і эканамічную эфектыўнасць. Як заўважыў Аляксандр Мядзвецкі, да МАЗа з параўнальным аб’ёмам работ спраўляліся 4 трактары: 3 на снегарасчыстцы плюс дадатковы пескараскідвальнік. Гэта калі за акном зіма, правы якой хутка ўжо скончацца. З надыходам жа бясснежнай пары года МАЗ «перакваліфікуецца» ў транспарт-самазвал. Па папярэдніх падліках, не пройдзе і трох гадоў, як машына самаакупіцца.
Комплекс для пагрузкі і транспарціроўкі драўніны на базе трактара «Беларус» — другая ў гэтым месяцы дарагая пакупка жылкамунгаса — эканамічна апраўдае сябе і таго хутчэй: праз 2,5 гады прыкладна. Але дакладна вядома, што з-за яе «пазбавіліся» работы 5 чалавек. Без справы людзі не засталіся, проста іх цяжкую ручную працу сталі выконваць механізмы. З тым жа ці большым вытворчым поспехам, пры меншым сабекошце і мінімуме фізічных намаганняў. Жывём жа ў часы не толькі механізацыі — аўтаматызацыі. І мадэрнізацыі, канешне ж.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *