Прыклад актыўнасці. Кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна сустракаецца з працоўнымі калектывамі

Грамадска-палітычнае жыццё краіны насычана падзеямі, пра што сведчаць навінныя стужкі сродкаў масавай інфармацыі. Штодня перыёдыка, тэлебачанне і радыё, інтэрнэт-рэсурсы інфармуюць насельніцтва пра самае актуальнае і важнае.

Разам з гэтым, аднабаковасць у інфармацыйным плане не вітаецца. Таму ў СМІ на пастаяннай аснове гучаць меркаванні прадстаўнікоў самых розных сацыяльных роляў, прафесій, узростаў.
Яшчэ адным накірункам у плане зваротнай сувязі з’яўляюцца сустрэчы прадстаўнікоў улады, грамадскіх аб’яднанняў з працоўнымі калектывамі. Прэзідэнцкая актыўнасць – як узор для пераймання: Кіраўнік дзяржавы з дня ў дзень працуе ў розных рэгіёнах краіны, на буйнейшых прадпрыемствах. І гэта прыклад для мясцовай ініцыятывы правядзення сустрэч з работнікамі розных сфер.
Гэты тыдзень выдаўся багатым на такія падзеі. У запланаваных мерапрыемствах на дзень у старшыні райвыканкама Аляксандра
Камінскага абавязкова прысутнічае размова па сутнасці з працоўнымі калектывамі. Падчас такіх сустрэч гучаць важныя тэмы, на апошніх, напрыклад, узнімалася тэма вынікаў і дасягненняў нашай краіны за апошнюю пяцігодку.
Рэспубліканскія перамогі, дасягненні вобласці, поспехі раёна павінны ведаць, тым больш, калі ва ўсім гэтым ёсць уклад кожнага. На гэтым тыдні Аляксандр Віктаравіч сустрэўся з работнікамі завода «Металапластмас», лясгаса, райпо, ДП «Ліпнянка», ААТ «Шлях новы».
Сацыяльна важныя аспекты жыцця – тое, што павінна хваляваць кожнага грамадзяніна сваёй краіны. У гэтым перакананы старшыня дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса, які гэтымі днямі наведаў РАНС, райбальніцу, ТЦСАН, Начаўскі, Альхоўскі і Навасёлкаўскі сельсаветы і сустрэўся з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам. Важным момантам і каштоўнасцю такіх мерапрыемстваў Леанід Іосіфавіч лічыць магчымасць з першых вуснаў даведацца, што землякі думаюць наконт тых ці іншых падзей, праблем і г. д, што хвалюе, што стварае іх дзень… Праблемныя пытанні заўсёды трапляюць у цэнтр увагі мясцовай улады і, па магчымасці, вырашаюцца, ці сітуацыю прыводзяць да кампрамісу.
Такая практыка працягнецца далей. Сустрэчы запланаваны, тэмы – важныя і неабходныя, калектывы зацікаўлены ў размове, гатовы да дыскусіі і прапаноў, а значыць, не варта і сумнявацца ў эфектыўнасці гэтых мерапрыемстваў.
Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

МЕРКАВАННЕ

Аляксандр КАМІНСКІ, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама:


– Адзін з галоўных момантаў у рабоце мясцовай улады –эфектыўная зваротная сувязь. Безумоўна, мы бачым праблемы, імкнёмся знайсці аптымальны варыянт вырашэння. Аднак, заўважыць абсалютна ўсё немагчыма, а дробязяў у такіх справах быць не можа. Тым і каштоўныя сустрэчы з працоўнымі калектывамі, што ёсць магчымасць скарэкціраваць планы работы з улікам меркаванняў жыхароў, людзей неабыякавых да спраў сваёй малой радзімы.
Пытанні, заўвагі, прапановы, што ўзнімаюцца падчас сустрэч, заўсёды актуальныя, слушныя і важныя. Тэмы добраўпарадкавання, аздараўлення, будаўніцтва, працаўладкавання і г. д. – тое, што хвалюе і датычыць кожнага. І нам прыемна, што землякі заўсёды заўважаюць перамены, бачаць пазітыўныя зрухі і падказваюць, дзе яшчэ патрабуецца наша ўвага. Такая жывая размова дае разуменне, што мясцовая ўлада рухаецца ў правільным накірунку.
Тэмы рэспубліканскай важнасці, якія закранаюцца на сустрэчах, выклікаюць асаблівы інтарэс з боку працоўных калектываў. Дасягненні апошняй пяцігодкі ў розных сферах жыцця пацвярджаюць правільны вектар палітыкі нашай дзяржавы. І такія моманты павінны гучаць, абмяркоўвацца, што і адбываецца падчас сустрэч у розных працоўных калектывах раёна.