Вада дазваляе. На тэрыторыі Ляхавіччыны тры афіцыйныя зоны адпачынку

Як абяцаюць сіноптыкі, хутка нас зноў напаткае гарачыня. А дзе лепш за ўсё схавацца ад спякотных сонечных промняў і атрымаць задавальненне ад прахалоды? Канешне ж,
ля вады.

На тэрыторыі Ляхавіччыны тры афіцыйныя зоны адпачынку: на рацэ Ведзьме ў райцэнтры, у акваторыі Шчары ў аграгарадку Дарава і ў аздараўленчым лагеры «Чайка». Штогод шмат робіцца, каб кожнае з гэтых месцаў сустракала сезон добраўпарадкаваным і абноўленым.
Асаблівая ўвага – на бяспеку. На вадзе за яе ў адказе камунгасаўскія і асводаўскія матросы-выратавальнікі (у горадзе і ў аграгарадку абсталяваны выратавальныя пасты), на тэрыторыі пляжаў часта наведваюцца міліцыянеры, сочаць, каб адпачываючыя не распівалі спіртныя напіткі, не парушалі грамадскі парадак.
А вось якасць вады ў Ведзьме і Шчары на зонах адпачынку пад пастаянным кантролем райЦГіЭ. На сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя пастаянна абнаўляецца інфармацыя аб абмежаванні купання на тых ці іншых пляжах краіны. Апошняе паведамленне датавана 12 ліпеня. Сярод месцаў, дзе абмежавана купанне дзяцей, пяць – на Брэстчыне. У Ляхавіцкім раёне ўсё ў парадку. Памочнік урача-гігіеніста Данута Багдановіч расказала, што рэгулярна праводзіцца маніторынг санітарнага стану афіцыйных зон адпачынку, пробы вады па мікрабіялагічных паказчыках бяруцца кожны тыдзень (выключэнне – тры дні пасля таго, як прайшоў дождж).
– З пачатку купальнага сезона ўзята 20 проб. Усе адпавядаюць патрабаванням санітарных нормаў. У вызначаных зонах адпачынку можна купацца без шкоды для здароўя. У выпадку, калі мікрабіялагічныя паказчыкі ў вадзе перавышаюць норму, прымаецца рашэнне аб абмежаванні ці забароне купання. Адпаведная інфармацыя вывешваецца на інфармацыйных стэндах, якія ёсць на кожным пляжы, – гаворыць Данута Багдановіч.
Супрацоўнікі райЦГіЭ праводзяць маніторынг санітарнага стану зон адпачынку. Пад кантролем – своечасовае скошванне травы, вываз смецця, уборка тэрыторый, належны стан пляцовак, у тым ліку дзіцячых. Па словах Дануты Багдановіч, па выніках чэрвеньскага маніторынгу за несвоечасовае скошванне травы, неналежны санітарны стан туалетаў, іншыя парушэнні было выдадзена прадпісанне КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», адказная службовая асоба камунгаса атрымала штраф. На даны момант парушэнні ўхілены.
І яшчэ адна важная акалічнасць, якая таксама датычыцца купальнага сезона. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна
Віталій Ціханаў адзначае, хоць і эпідэмія каранавіруса ідзе на спад, па-ранейшаму, у тым ліку, адпачываючым на пляжах, варта прытрымлівацца санітарных супрацьэпідэмічных мер, не забываць пра прафілактыку і не спадзявацца на тое, што COVID-19 – гэта ўжо не праблема. У прыватнасці, трэба захоўваць гігіену рук, сацыяльнае дыстанцыраванне і рэспіраторны этыкет. Не варта грэбаваць і правіламі, каб не падхапіць кішэчную інфекцыю. У прыватнасці, браць з сабой бутэляваную ваду для піцця і мыцця рук, свежыя прадукты ва ўпакоўцы.

Наша бяспека – у нашых руках. Што тычыцца суб’ектаў гаспадарання, на балансе якіх зоны адпачынку, то яны абавязаны забяспечыць умовы для захавання адпачываючымі гігіены рук – мыцця мылам, вадой, дэзынфіцыруючымі сродкамі.

Галіна КАНЬКО