У модзе – нераўнадушнасць. Як пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў з карысцю для грамадства

Каля смеццевых кантэйнераў хтосьці пакінуў цэлы пакет рэчаў. Кофты, майкі і сукенкі, якія некалі радавалі сваю ўладальніцу, цяпер сумна пазіралі з падранага пакета на прахожых. Дарэчы, на першы погляд, адзенне было нязношанае і магло б атрымаць другое жыццё.

Карэспандэнт «ЛВ» даведаўся, як пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў з карысцю для грамадства.

Першы варыянт – аддаць рэчы ў раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа. Як расказала яе старшыня Жанна Лешык, тут неабыякавыя людзі могуць пакінуць вопратку, абутак, цацкі, посуд, бытавую тэхніку і мэблю. Аднак, усё павінна быць у добрым і працоўным стане, вымыта і вычышчана, пры неабходнасці адрамантавана. Калі ў вас ёсць пытанні, іх можна задаць па нумары 6-04-20.

У снежні мінулага года каля дома № 54 па вуліцы Леніна з’явіўся кантэйнер, у якім можна пакінуць вопратку, цацкі ці абутак. Па словах Жанны Лешык, ён карыстаўся папулярнасцю ў гараджан, пакінутыя ў ім рэчы ўжо знайшлі сваіх новых уладальнікаў. Збор рэчаў часова прыпынены ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй.

Яшчэ адзін варыянт – звярнуцца ў ТЦСАН. Тут на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту не першы год працуе «Салон міласэрнасці». Кожны жадаючы можа пакінуць сваю дапамогу ў выглядзе рэчаў і абутку, бытавой тэхнікі і мэблі. Крытэрыі тыя ж – усё павінна быць акуратнае, цэлае, рабочае. У мінулым годзе ў салоне атрымалі дапамогу 23 чалавекі.

Па ўсіх пытаннях, якія тычацца аказання дапамогі, звяртайцеся па тэлефоне 6-08-07.

Таксама круглы год у тэрытарыяльным цэнтры праходзіць акцыя «Сям’я – сям’і» (аказваецца дапамога шматдзетным, уладкаваным сем’ям, пажылым людзям, інвалідам i г. д.). У 2020 годзе ў рамках акцыі дапамога ўжо была аказана 23 сем’ям.

А яшчэ можна сфатаграфаваць свае рэчы, дадаць да іх апісанне і размясціць аб’явы на анлайн-кірмашы, у спецыяльных групах у сацсетках ці на форумах. І вы пазбавіцеся ад лішніх рэчаў, а нехта набудзе патрэбныя і будзе з задавальненнем імі карыстацца.

Ірына КУЗЬМІЧ.