Тактико-специальные учения провели ляховичские спасатели на базе центральной районной больницы

Чарговы трывожны званок паступіў на пульт цэнтра аператыўнага кіравання Ляхавіцкага РАНС на мінулым тыдні. «Пажар у памяшканні ардынатарскай хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы», — пачулася на другім канцы провада. На шчасце, бяда абмінула: паведамленне пра пажар было адным з этапаў тактыка-спецыяльнага вучэння, месцам якога стала райбальніца.
Некалькі хвілін — і асабовы састаў у баявой гатоўнасці: тэхніка, спецыяльнае адзенне, неабходныя аварыйна-выратавальныя прылады. І вось падраздзяленні РАНС у дарозе. Адна за адной імчалі пажарныя машыны (усяго было задзейнічана 5 адзінак тэхнікі). Трывожны гул сірэны сведчыў пра тое, што нехта ў бядзе. Свядомыя вадзіцелі спыняліся, прапускалі пажарных.
На месца прыбылі ў лічаныя хвіліны. Прадстаўнікі РАНС (14 чалавек на чале з начальнікам аддзела Валерыем Равінскім) наладзілі ўзаемадзеянне з персаналам бальніцы, выявілі дакладнае «месца пажару», наяўнасць пагрозы для людзей.
Па ўмовах вучэння узгаранне адбылося на трэцім паверсе бальніцы ў хірургічным аддзяленні (для імітацыі пажару выкарыстоўвалі дымаствараючую ўстаноўку «Туман-1»), узнікла пагроза распаўсюджання агню ў сумежныя памяшканні, задымлення калідораў і палат з хворымі. Дапамогі чакалі 25 чалавек.
Адна за адной гучалі каманды: «Сустрэць прыбываючыя падраздзяленні! Прадухіліць паніку! Эвакуіраваць хворых!» Для ліквідацыі «пажару» ў памяшканні ардынатарскай, абароны памяшканняў, размешчаных паверхамі вышэй і ніжэй, а таксама для забеспячэння эвакуацыі хворых былі створаны тры баявыя ўчасткі. Работнікі бальніцы дапамагалі эвакуіраваць хворых. Як паказвае практыка, сумесныя намаганні ў такой сітуацыі найбольш эфектыўныя.
”Пажар” быў ліквідаваны, эвакуацыя хворых завершана. Са сваёй няпростай задачай выратавальнікі паспяхова справіліся. Падраздзяленні РАНС практычна адпрацавалі пытанні арганізацыі і аператыўных баявых дзеянняў па ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі ва ўстановах аховы здароўя. Магчыма, менавіта гэтыя навыкі ніколі не спатрэбяцца. Тым не менш, лішнімі яны дакладна не будуць.
Ірына Тукай,
спецыяліст групы прапаганды
і навучання РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *