Для дзяцей – утульны дом. На вачах растуць сцены новабудоўлі па вуліцы Чкалава, 8а ў Ляхавічах

На вачах растуць сцены новабудоўлі па вуліцы Чкалава, 8а ў райцэнтры. Тут прапішацца дзіцячы дом сямейнага тыпу. Генпадрадчыкам яго будаўніцтва выступае ПМК-13, а непасрэдныя выканаўцы – камунальнікі.
Па інфармацыі Ганцавіцкага УКБ, плошча двухпавярховіка складзе практычна 200 квадратных метраў, з іх 99,17 – жылая частка. Плюс гаспадарчая пабудова і гараж, тэрыторыя пад агарод, дзіцячая пляцоўка. На першым паверсе дома размесцяцца кухня-сталовая, абедзенны пакой, санвузел, кладоўка, міні-кацельня. На другім паверсе спраектаваны чатыры спальні на аднаго-трох чалавек, бацькоўскі пакой, гардэробная, хол, два санвузлы.

Прадугледжана магчымасць устаноўкі лесвічнага пад’ёмніка для перамяшчэння дзіцяці-інваліда, будуць пандус, поручні, на шляху руху адсутнічаюць парогі. Згодна з экспертызай па стане на 1 лістапада 2019 года, каштарысны кошт будаўніцтва – больш за 500 тысяч рублёў. На гэтыя мэты сродкі выдаткаваны з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Мэблю, пасцельную бялізну, тэхніку і ўсё іншае, што неабходна для пражывання сям’і з дзецьмі, набудзе аддзел па адукацыі райвыканкама.
Тэрмін здачы аб’екта – верасень.
Хто з землякоў з’яўляецца кандыдатам на бацькоўства? Як расказалі ў аддзеле па аду-кацыі, у жніўні будзе аб’яўлены конкурс на пасаду бацькоў-выхавальнікаў.
У Ляхавічах па вуліцы Інтэрнацыянальнай з 2010 года суседнічаюць два дамы сямейнага тыпу, у іх утульна і камфортна 15 рабятам. На 1 ліпеня ў раёне ў 23 апякунскіх сем’ях выхоўваецца 28 дзяцей,
у 17 прыёмных сем’ях – 26.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.