Першынство, дзе мы першыя. Днямі завяршылася першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў

Татьяна Смирнова
Анна Маковская

Некаторая расшыфроўка: узроставую катэгорыю юніёры закрываюць юнакі і дзяўчаты 2001-2002 гадоў нараджэння. Яшчэ не мацёрыя ў плане вынікаў і стабільнасці выступленняў лёгкаатлеты, але, безумоўна, абяцаючыя стаць такімі ў вельмі блізкай перспектыве. Асабліва тыя з іх, чые красоўкі-шыпоўкі паспелі пакінуць свой след на подыумах рэспубліканскіх спаборніцтваў.

На бегавой дарожцы, у сектарах для скачкоў і над сваімі слабасцямі хлопцам і дзяўчатам яшчэ працаваць і працаваць, але іменна яны «бронзавы», «сярэбраны» і «залаты» рэзерв беларускай лёгкай атлетыкі. Усе гэтыя і наступныя словы адрасаваны ў тым ліку і нашым зямлячкам – ляхавічанцы Таццяне Смірновай і Ганне Макоўскай з аграгарадка Навасёлкі. Таццяна нядаўна скончыла другі – выпускны – курс Брэсцкага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву, а гэта профільная сярэдняя спецыяльная адукацыя. Ганна на год малодшая, і дыплом названай навучальнай установы атрымае адпаведна ў 2021-м.
На рэспубліканскім юніёрскім першынстве нашы дзяўчаты выступалі пад сцягам каманды вобласці. Старты праходзілі ў горадзе над Бугам, у даўно аблюбаваным атлетамі спартыўным комплексе «Брэсц-кі». Класічны летні лёгкаатлетычны форум, праграму якога складаюць спаборніцтвы па больш як двух дзясятках «каралеўскіх» дысцыплін у юніёраў і юніёрак.
Таццяна Смірнова бегла тры тысячы метраў з перашкодамі. Ад бегуна стыпль-чэз патрабуе рознастаронняй падрыхтоўкі, валодання рознымі тэхнікамі. Дыстанцыя, у прамым сэнсе, прымушае спартсмена неаднойчы намачыць ногі. Паказаныя Таццянай
11 мінут 7,67 секунды сталі пераможнымі.
– Беглася, у прынцыпе, добра. Як і планавалі з трэнерам, адразу задалі тэмп і прытрымліваліся яго.
Хачу падзякаваць свайму трэнеру Зубрыцкаму Леаніду Францавічу за падрыхтоўку, за веру ў мяне. Дзякуй усім блізкім, родным, –сказала пасля фінішу спартсменка прадстаўніку сайта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Макоўская свой залаты   тытул заваявала на дыстанцыі пяць тысяч метраў. Пасляфінішны «бліц» Таццяны таму ж сайту мае сваю татальнасць.
– Было цяжкавата, таму што амаль паўгода мы былі без стартаў. Але ўсё роўна з трэнерам разлічвалі на іншы вынік. Калі шчыра, сорамна, што падвяла трэнера і прабегла так дрэнна… Хацелася б перадаць словы падзякі майму трэнеру Зубрыцкаму Леаніду Францавічу за тое, што, нягледзячы ні на што, ён трэніруе мяне і падтрымлівае. Дзякуй за падрыхтоўку Ясковічу Аляксею Анатольевічу і за падтрымку маім першым трэнерам Іванюценку Андрэю Аркадзьевічу, Ульянавай Алене Алегаўне. Яны са мною на сувязі 24/7, – адзначыла, у прыватнасці, новаспечаная юніёрка-чэмпіёнка. Удакладнім, што названыя Ганнай трэнеры СДЮШАР Ляхавіцкага раёна з’яўляюцца і для Таццяны першымі настаўнікамі.
У Макоўскай зараз канікулы. А вось у Смірновай працяг сезона, яго новы ўзровень. На гэты раз у складзе ўжо дарослай каманды Брэсцкай вобласці наша зямлячка рыхтуецца прыняць удзел у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь, які з 31 ліпеня па 2 жніўня адбудзецца на сталічным стадыёне «Дынама». Балейце толькі спортам.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і з сайта БФЛА.