Эканоміка – падмурак дабрабыту

Ключавая задача для органаў улады ў тым, каб бягучыя складанасці, выкліканыя рознымі абставінамі, не пераносіліся на людзей. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нельга выпусціць з-пад увагі важнейшыя пытанні, ад якіх залежыць звычайнае, штодзённае жыццё людзей. «Выбарчая кампанія пройдзе, градус палітычных працэсаў знізіцца, і эканоміка апынецца ў цэнтры грамадскай увагі. Яна і цяпер нікуды не знікае. Таму сёння я запрасіў эканамічны блок кіраўніцтва цэнтральных і мясцовых органаў улады, каб разгледзець работу галін рэальнага сектара і паслуг, фінансаў, сацыяльнай сферы, якая павінна быць пад пільным нашым кантролем. Ні адно пытанне, вінцік у гэтай машыне не павінен дапусціць збою», –падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што сацыяльна арыентаваная палітыка, у цэнтры якой чалавек, яго інтарэсы і патрэбы, была і застанецца цэнтральным звяном пры прыняцці любога рашэння. «Народ для таго і паставіў нас, каб мы былі гарантам яго бяспекі і спакою. А калі ўдары будуць вельмі моцнымі, мы павінны максімальна змякчыць іх наступствы. Для гэтага трэба больш тлумачыць людзям, што адбываецца ў краіне, ды і ў свеце, і чаму мы прымаем тыя ці іншыя рашэнні», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час бягучай выбарчай кампаніі ад грамадзян атрымана вялікая колькасць  ініцыятыў і пажаданняў. «Гэты моцны канал зваротнай сувязі эканамічным службам усіх узроўняў трэба выкарыстоўваць у сваёй штодзённай рабоце, – акцэнтаваў увагу беларускі лідар. – Усё, аб чым гаварылі людзі, тое распараджэнне, якое я падпісаў па выніках маніторынгу настрою людзей, павінна быць бездакорна выканана. Там пытанні нашага ўзроўню».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў ураду аб неабходнасці вырашэння самых значных для грамадства пытанняў, якія датычацца заработнай платы, занятасці і цэн. «Перад намі стаяць абсалютна зямныя задачы. Чалавек павінен хадзіць на работу, атрымліваць дастойную зарплату – заробленую, а прадпрыемствы – эфектыўна развівацца», – рэзюмаваў беларускі лідар.
Па матэрыялах БЕЛТА
.