Стыль жыцця – валанцёрскі. Ляхавіцкія валанцеры расказалі аб сваёй дзейнасці

Гэтыя людзі бескарысліва аддаюць свае цяпло, сілы і час тым, каму патрэбны клопат, дапамога і ўвага. А самі не патрабуюць нічога ўзамен, не чакаюць узнагароды. Для многіх іх учынкі непрыкметныя, але менавіта яны змяняюць свет да лепшага.

Валанцёры – гэта людзі, якія нясуць святло. Гэта добраахвотнікі, дзейнасць якіх заснавана на цярплівасці, спагадзе і ўзаемаразуменні. Быць валанцёрам няпроста, але кожны чалавек з добрай душой можа ім стаць. Гэта на сваім прыкладзе паказваюць ляхавічане, якія дакладна ведаюць, што дапамагаць – проста.

Наша Настасся Вітальеўна

Так паважліва яе называюць вучні. Вывучае артыклі, тлумачыць правапіс і ставіць вымаўленне англійскіх гукаў і школьнікам, і пенсіянерам.

Калі выкладчыку англійскай мовы Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М. Г. Мінкевіча Настассі Карчэўскай прапанавалі папрацаваць у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту выкладчыкам, ні хвіліны не сумнявалася. Нават нягледзячы на тое, што працаваць трэба было на валанцёрскіх пачатках.

– Гэта мой першы вопыт у валанцёрстве, але ў жыцці заўсёды прытрымліваюся прынцыпу: дапамог ты – дапамогуць і табе. Да таго ж, мне было цікава працаваць з людзьмі шаноўнага ўзросту, абдумваць для іх урокі, рыхтаваць матэрыялы, рабіць прэзентацыі , падбіраць тэмы, – расказвае Настасся Карчэўская.

Заняткі праходзілі раз у тыдзень на базе аддзялення. За гэты час выкладчыца па-сапраўднаму пасябравала са сваімі падапечнымі.

– З імі лёгка і проста. Яны ўседлівыя, старанныя. А яшчэ ў маіх падапечных вялікі жыццёвы вопыт, яны з задавальненнем расказваюць гісторыі з жыцця, могуць нешта падказаць ці параіць. Лічу, што за час нашых заняткаў яны вельмі выраслі ў сваіх ведах, – гаворыць выкладчык.

Зараз, з-за каранавіруса, заняткі прыйшлося часова адмяніць. Настасся Вітальеўна вельмі сумуе па сваіх вучнях і спадзяецца, што ў хуткім часе яны зноў сустрэнуцца.

Што тычыцца валанцёрства, тут яна для сябе вырашыла адназначна: будзе далей дапамагаць і дзяліцца вопытам.

– Многія пытаюцца: ці не шкада часу на іншых людзей? Яго ж можна траціць на сябе, адпачынак, забавы. Калі ты каму-небудзь дапамагаеш, атрымліваеш значна больш: знаёмствы, вопыт і станоўчыя эмоцыі, – лічыць Настасся Карчэўская.

Не дзеля падзякі

У вольны час Жанна Прывольнева вельмі любіць вязаць, чытаць і вышываць крыжыкам. Некалькі яе карцін ужо занялі пачэснае месца ў дамах сяброў і сваякоў у якасці падарунка. А яшчэ, практычна 10 гадоў, частка яе жыцця прысвечана валанцёрству, бо дапамагаць, лічыць, заўсёды важна. Свой валанцёрскі шлях Жанна Тадэвушаўна пачала з прыходам на працу ў ТЦСАН, дзе ўступіла ў рады Чырвонага Крыжа. Спачатку, прызнаецца, без энтузіязму. Зараз не ўяўляе жыцця без гэтай дзейнасці. Паступова работа і дапамога ператварыліся ў стыль жыцця.

– Ёсць людзі, якія спачатку былі маімі падапечнымі, але з цягам часу мы сталі сапраўднымі сябрамі. Нас аб’ядналі агульныя інтарэсы, тэмы для размоў. Цяпер ходзім адзін да аднаго ў госці, сябруем сем’ямі, – гаворыць Жанна Прывольнева.

Калі ў раён прыйшоў каранавірус, Жанна Тадэвушаўна адна з першых запісалася ў атрад хуткага рэагавання, каб дапамагаць найбольш уразлівым да хваробы людзям – пенсіянерам і інвалідам. Прывозіла ім на дом лякарствы і прадукты.

– Ніколі не чакаю падзякі, усё раблю ад сэрца. Як можна прайсці міма, калі бачыш, што камусьці патрэбна дапамога? Прыемна рабіць нешта добрае і карыснае, – разважае валанцёр.

Родныя і блізкія ва ўсім яе падтрымліваюць. Муж і дзеці ставяцца з разуменнем да яе дзейнасці – дапамагаць людзям даводзіцца і ў выхадныя, і ў святочныя дні.

На пытанне, калі можна было б вярнуцца на дзесяцігоддзе назад,прыйшла б зноў у Чырвоны Крыж, траціла свае час і сілы на дапамогу іншым, яна, не задумваючыся, адказвае станоўча.

– Для добрых спраў сілы заўсёды знаходзяцца. Валанцёрства настолькі зараджае энергіяй, што ты гатовы горы звярнуць, – адзначае Жанна Тадэвушаўна.

Сёстры па міласэрнасці

Дзень Людмілы Вітко пачынаецца стандартна: пад’ём у 6 гадзін раніцы, кубачак гарбаты або кавы… А вось далейшы графік жанчыны трохі адрозніваецца ад стандартнага: з 4 да 8 вечара свой час яна аддае тым, каму гэта неабходна.

Чатыры гады назад яна прыйшла на працу ў райбальніцу медсястрой. Тады ж уступіла ў Чырвоны Крыж і стала сястрой міласэрнасці.

– Спачатку было страшна: думала, не спраўлюся, маральна не вытрымаю. Але цяпер разумею, усе страхі былі дарма, – успамінае Людміла.

Зараз у яе шэсць падапечных. Усе людзі пажылога ўзросту з інваліднасцю.

У спісе сястры міласэрнасці самыя розныя справы: агледзець падапечнага, памераць ціск і даць карысныя рэкамендацыі, праверыць тэрмін прыдатнасці таблетак і паклапаціцца пра наяўнасць неабходных прэпаратаў, прынесці прадукты, проста пагаварыць з хворым чалавекам – няважных пунктаў няма.

– Такая праца патрабуе вытрымкі і цярпення. Пажылыя людзі з-за ўзроставых змяненняў могуць быць упартымі і капрызнымі, таму часам трэба пабыць і псіхолагам. Выслухаць, падбадзёрыць, сказаць добрае слова – гэта не складана, а ў чалавека на душы адразу становіцца святлей, – гаворыць Людміла.

У працы Людмілы няма святаў і выхадных – са сваімі падапечнымі яна заўсёды на сувязі, бо дапамога можа спатрэбіцца ў любую хвіліну.

– Можа было б і складана, але мяне ва ўсім падтрымлівае сям’я. Муж часам разам са мной прыязджае да пажылых  людзей, таксама дапамагае, – гаворыць Людміла.

Нягледзячы на ўсе складанасці ў працы, станоўчых момантаў усё роўна больш, адзначае Людміла Вітко. Так, напрыклад, яна даглядае 95-гадовага ветэрана, які расказвае цікавыя гісторыі са свайго жыцця.

– Як і ўсе людзі, часам адчуваеш стомленасць, але гэта ўсё знікае перад усведамленнем таго, што ты даеш пажылым людзям клопат, разуменне, што іх шануюць, пра іх не забываюць, і яны па-ранейшаму важныя і патрэбныя, – гаворыць Людміла Вітко.

Дабрата – у крыві

Старшы інжынер сектара дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароны Ляхавіцкага РАНС Дзмітрый Новік з дзяцінства хацеў сваё жыццё звязаць з прафесіяй, асновай якой была б дапамога людзям.

Мара спраўдзілася. Пасля вучобы ў 2011 годзе ён прыйшоў на працу ў Ляхавіцкі РАНС. І хоць Дзмітрый не тушыць пажары, а займаецца прафілактыкай, працуе з арганізацыямі і прадпрыемствамі горада на папярэджанне надзвычайных сітуацый, гэта не менш важна.

А яшчэ са студэнцтва ён рэгулярна ўдзельнічаў у бязвыплатных акцыях па здачы крыві. І так ужо 12 гадоў. Прызнаецца, упершыню ў пункт здачы крыві прывяла цікаўнасць. Але затым, калі зразумеў, што кожная кропля можа выратаваць чыё-небудзь жыццё, стаў рабіць гэта на рэгулярнай аснове.

– Ты траціш на гэту працэдуру ўсяго 10 мінут. Але часцінка цябе можа выратаваць не адно жыццё, пры гэтым ты можаш праверыць стан уласнага здароўя, – гаворыць Дзмітрый. Да таго, што ён донар, блізкія і знаёмыя ставяцца па- рознаму. Але большасць падтрымлівае.

– Існуе мноства меркаванняў, звязаных са здачей крыві. Хтосьці гэта не ўхваляе, а хтосьці, наадварот, лічыць, што карысна для здароўя. Але я магу судзіць толькі па ўласным вопыце: здаваць кроў ці не – выбар кожнага. Але трэба памятаць, што кожнаму з нас можа спатрэбіцца такая дапамога, – лічыць Дзмітрый Новік.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.