Песня першаму снапу. У Ляхавіцкім раёне прайшлі «Зажынкі»

Гэта ўжо з глыбіні вякоў, не традыцыя нават, а жывая культура – адзначаць пачатак жніва асаблівым чынам. Абсалютнай даты правядзення абраду не існуе: гаспадар абходзіць свае нівы, пільна аглядвае іх, ці не ў прамым сэнсе спрабуе зерне на зуб. Паспела? «Дык зажынай!» – гучыць каманда на старт.


Сёлета яна прагучала ў ААТ «Жарабковічы», была пачута ўсімі 
сельскагаспадарчымі арганізацыямі Ляхавіччыны, многія з якіх, сказаць па праўдзе, свае першыя тоны хлеба ўраджаю-2020 у засекі паклалі ўжо. Самая мяжа аднайменнага аграгарадка, залатое мора азімай пшаніцы. Роўна высокія – адна ў адну – стромкія расліны. Магутны колас – нібы дарагая карона: і ўпрыгажэнне, і багацце. Пробны заезд камбайна ўжо адбыўся, выканаў сваю работу прэс-падборшчык саломы. Апошняй нямала, што таксама ўскосна паказвае на важкі каравай жарабковіцкай нівы. 
А пакуль – зажыначны плац-парад у антуражы квартэта збож-
жаўборачных камбайнаў, лінейкі з аўтамабіляў, трактароў, уборачнай і пасляўборачнай тэхнікі. Самыя ганаровыя месцы зажыначнай «залы» аддадзены хлебаробам, на авансцэну выходзяць артысты мясцовага СДК. 
У адмысловым убранні, з «расчахлёнымі» сярпамі: у гэты момант калектыву «Таямніцы» належыць раскрыць усе таямніцы старадаўняга абраду «Зажынкі». Усе дзеянні жанчыны суправа-
джаюць песнямі, прымаўкамі, трапнымі выказваннямі пра зямлю-карміцельку, надвор’е, хлеб і хлебаробаў. Спрыт рук, каласок да каласка – і вось ужо над палеткам расквеціліся першыя зажыначныя гаспадарскія снапы. Гаспадарам яны і ўручаюцца: раёна – Аляксандру Камінскаму і ААТ «Жарабковічы» – Антону Булатаму. 
– Наш каравай у мінулым годзе быў першым у Брэсцкай вобласці. Сёлета ўраджай яшчэ лепшы за леташні. У кожным коласе закла-
дзена праца кожнага з нас – цяжкая праца. Задача яго своечасова і якасна ўбраць і пакласці ў засекі. Сёння мы ўжо фактычна ўбралі 
тры тысячы гектараў рапсу з першым вынікам у Брэсцкай вобласці. На чарзе 14 тысяч гектараў збожжавых, – звярнуўся да хлебаробаў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі. Ён падзякаваў жарабковіцкім працаўнікам за працавітасць, гаспадарлівасць, заўсёднае імкненне да перамогі і пажадаў поспеху ў нялёгкай, але вельмі патрэбнай хлебаробскай справе. 


Дырэктар «Жарабковіч» Антон Булаты адзначыў поўную гатоўнасць арганізацыі да жніва. Больш за тысячу гектараў рапсу ўжо ўбрана. Усе 18 камбайнаў укамплектаваны экіпажамі, аўтамабіляў-адвозчыкаў дастаткова, каб не дапусціць і хвілінных прастояў у рабоце асноўных агрэгатаў. 
Свяшчэннік Канстанцін Шалудзько правёў абрад асвяшчэння, мажорнага настрою святу першага снапа дабавілі ўдзельнікі народнага клуба «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК.


Як толькі сціхлі песні, квартэт камбайнаў імгненна сарваўся ў шлях. У іх на ўліку кожная хвіліна.