Ляхавіччына:Андрэй Цямчык будзе выступаць у фінале рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў

Выдатны падарунак на асабісты дзень нараджэння  21 лютага зрабіў студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, саліст народнай эстраднай студыі «Экспрэс» Андрэй Цямчык. Ён прадстаўляў Ляхавіччыну на абласным туры рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Заспяваў так, што пакарыў журы вакальнымі данымі. Усяго тры самадзейныя артысты з Брэстчыны заваявалі права выступіць у фінале ХІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Прыемна, што разам з выканаўцамі з Баранавіцкага і Кобрынскага раёнаў гэта права заслужыў і наш Андрэй.
Дарэчы, гэта далёка не першая яго перамога ў песенных конкурсах. Падчас вучобы ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, калі ён разам з жонкай Надзеяй (сёння таксама салістка «Экспрэса») удзельнічаў у клубе «Юнацтва», былі надзвычай удалыя выступленні. Андрэй — адзін з лаўрэатаў конкурсу эстраднай песні «Рытмы маладосці» і сёлета зноў прыме ўдзел у гэтым конкурсе, праўда, у новай намінацыі — «Дэбют з аркестрам».
Зусім хутка Андрэй Цямчык выступіць у фінале рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў. А перад гэтым будзе рэпеціраваць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга.
Жадаем нашаму таленавітаму земляку творчых поспехаў і новых перамог!
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *