Аграперспектыўны раён

Аграрны сектар Ляхавіцкага раёна сёння – гэта восем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, 26 фермерскіх гаспадарак, а таксама раённая ветэрынарная станцыя, племянная станцыя, філіял КУП «Брэстільнонасенне» – «Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя», дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, станцыя хімізацыі.

Сельская гаспадарка раёна спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса, вырошчванні збожжавых культур, цукровых буракоў, рапсу, ільну і бульбы, кармоў, якімі павінны быць поўнасцю забяспечана жывёлагадоўля. Вытворчасць кармоў займае больш за 30 працэнтаў у агульным аб’ёме ўсёй раслінаводчай прадукцыі.
За сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна замацавана 53,6 тысячы гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку 35,3 тысячы гектараў раллі, 18,3 – сенажацяў і паш.
У 2016-2019 гады прадоўжана, а дакладней, паскорана работа па мадэрнізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Уведзена ў эксплуатацыю пяць новых сучасных малочна-таварных комплексаў: МТФ «Сакуны» (ААТ «Шлях новы»), «Падбарочча» (ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс»), «Чашчы» і «Зарытава» (ААТ «Жарабковічы»), МТФ «Зубелевічы» (ДП «Нача»).
Значнае абнаўленне праведзена на працягу двух апошніх гадоў: набыта 90 адзінак тэхнікі, у тым ліку глебаапрацоўчай, пасяўных агрэгатаў, збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі, трактароў, у тым ліку пяць энерганасычаных.
За 2019 год тэмп росту валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях склаў 125,7 працэнта да ўзроўню 2018 года пры прагнозе 110 працэнтаў.
Найвышэйшага тэмпу росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў раёне – 139,3 працэнта – дасягнула ў 2019 годзе ДП «Нача» (яго дырэктар Мікалай Тарлюк у 2018 годзе ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі»).
Летась валавы збор збожжавых і зернебабовых культур у вазе пасля дапрацоўкі склаў 58 тысяч 302 тоны – 151,1 працэнта да аб’ёму 2018 года пры сярэдняй ураджайнасці 42 цэнтнеры з гектара. Выхад зерня на адзін бала-гектар у сярэднім па раёне склаў 106,8 кілаграма. Лепшыя паказчыкі ў раёне ў СВК «Ляхавіцкі» – 135 кілаграмаў, ААТ «Жарабковічы» – 132 кілаграмы, ЗАТ «Белпрампрыбор» – 102 кілаграмы.
Валавы збор рапсу – 5961 тона пры сярэдняй ураджайнасці 33 цэнтнеры з гектара, што вышэй на 64 працэнты ўзроўню 2018-га.
Цукровых буракоў у 2019 годзе вырашчана 66266 тон, лепшы паказчык па вытворчасці гэтай культуры – у ААТ «Жарабковічы».
Ільнотрасты ў пераліку на льновалакно атрымана 2848 тон пры сярэдняй ураджайнасці 11,4 цэнтнера з гектара і 177 працэнтаў да ўзроўню 2018 года.
Вытворчасць малака павялічылася ў 2019 годзе да 2018 года на 2,2 працэнта і склала 55 тысяч тон.
У цэлым па раёне ад кожнай каровы надоена 5118 кілаграмаў малака, што вышэй узроўню 2018 года на 61 кілаграм. Хочацца і тут адзначыць паспяховую работу СВК «Ляхавіцкі», дзе ўдой на карову ў цэлым па гаспадарцы склаў 8781 кілаграм і ўдой на карову па адной з замацаваных за аператарамі машыннага даення груп кароў склаў 9251 кілаграм, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у раёне.
Прадукцыі вырошчвання жывёлы па раёне атрыма-на ў 2019-м 9147 тон – 170 працэнтаў да 2018-га.
Значны ўклад у вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў 2019 годзе ўнесены ЗТАА «БелДан» – удзельная вага прадукцыі, вырашчанай прадпрыемствам, у агульнай валавой прадукцыі па раёне склала больш за 16 працэнтаў.
Дзеючыя сёння закупачныя цэны на малако і мяса робяць жывёлагадоўлю выгадным сельгаспрадпрыемствам. Выкананне  тэхналогій дазваляе нарасціць аб’ёмы вытворчасці, знізіць затраты, павысіць эфектыўнасць, павялічыць прадукцыйнасць працы і заработную плату працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг у сельскай гаспадарцы павялічылася ў 2019 годзе на 47 працэнтаў да 2018 го-да, прыбытак ад рэалізацыі – на 49 працэнтаў, рэнтабельнасць продажу склала 11,8 працэнта (у 2018 – 11,5 працэнта), рост заработнай платы па галіне – 118 працэнтаў.
Анастасія РАБЦЭВІЧ,
першы намеснік старшыні райвыканкама.