Ляхавіцкі раён: корманарыхтоўка нон-стоп

Уборка азімага рапсу, збожжавых і зернебабовых культур, безумоўна, з’яўляецца галоўнай сельскагаспадарчай тэмай сённяшняга дня. Такой яна і будзе заставацца на працягу бліжэйшых тыдняў. Але гэта зусім не азначае, што аграрыі могуць дазволіць сабе забыцца на іншыя клопаты.

Напрыклад, корманарыхтоўку, актыўны сезон якой пачынаецца ў маі і ў рэжыме нон-стоп працягваецца да позняй восені. А там кукуруза і сілас. Але гэта многа пазней, пакуль жа аграрыі раёна завяршаюць другую касьбу шматгадовых траў. Некаторыя з гаспадарак свой план-праграму ўжо выканалі, іншыя дабіраюць апошнія дзясяткі гектараў – замыкаюць фінішны круг. Як і на аналагічную дату 2019 года, сёлета ў запасніках аграрыяў Ляхавіччыны ўжо значыцца каля дзевяці з паловай цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў у разліку на ўмоўную галаву жывёлы. У плане сенанарыхтовак мінулы сезон склаўся больш удала. Звязаць гэты факт з дажджлівым – не для сушкі сена – цяперашнім чэрвенем, мабыць, не будзе памылкай. Сярод гаспадарак найбольшы «сенавал» пакуль значыцца ў ААТ «Шлях новы» – больш за 900 тон, пад 400 тон гэтага прадукту на-круцілі ў ДП «Нача», 200 – у «Жарабковічах». Дзяржаўнае прадпрыемства, да слова сказаць, сваё планавае заданне перавысіла ў паўтара раза. З сенажом сітуацыя адваротная – складваецца на карысць сезона-2020.
Траншэйныя закладкі і рулонныя «закруткі» складаюць, калі выражацца круглай лічбай, 70 тысяч тон. У прывязцы да сезоннага плана найбольш паспяхова спрацавалі «Жарабковічы».
Засяродзім увагу на «закрутках» – сянажных нарыхтоўках у стрэйч-плёнках. Такую стыль-упакоўку мае больш як дзясятая частка ад усёй масы сянажных нарыхтовак – 7,2 тысячы тон. Спосаб асвоілі ўсе, за выключэннем «Ліпнянкі», сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. У той або іншай ступені: некаторыя спрацавалі на сотню тон, іншыя – на тысячы.
Першым сярод такіх «тысячнікаў» значыцца ЗАТ «Белпрампрыбор», дзе такім чынам закансервавана каля 85 працэнтаў ці 3,8 тысячы тон сянажных нарыхтвак. Гаспадарка робіць акцэнт іменна на гэтым спосабе. Яшчэ ўчора зялёныя, некаторыя з палеткаў «Белпрампрыбора», сёння інакш як пераважна белымі і не назавеш. Такі вытворча-ландшафтны пейзаж захаваецца не доўга. Звычайна, на кароткай паўзе за прэс-падборшчыкам-абмотчыкам на полі выступае пагрузчык. Ужо гатовы якасны кармавы прадукт складзіруецца, выстойваецца нейкі час, чым толькі паляпшае свае кармавыя характарыстыкі.
Паглядзіце на гэта фота, якое было зроблена на бягучым тыдні: механізатар ААТ «Белпрампрыбор» Мікалай Вярбіла на фоне вынікаў, у тым ліку, і сваёй працы. Яго выхад на сенажаць – наступны за касілкай. Мікалай кіруе граблямі-валкавальнікам, выконвае свой пласт касавічнай работы максімальна прафесійна, адказна і, у прамым сэнсе, да травінкі чыста.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.