Сустрэча трох пакаленняў адбылася падчас свята абаронцаў Айчыны

Гэта была сустрэча трох пакаленняў воінаў, салдатаў, абаронцаў. Тых, хто ваяваў у грозныя гады Вялікай Айчыннай, засталося мала, але прадстаўнікі геройскага пакалення ўсё ж прыйшлі на свята. Іх ордэны, медалі міжволі прыцягвалі ўвагу, выклікалі павагу і захапленне.
А побач — новае пакаленне мужных і смелых — афіцэры і салдаты, якія сёння служаць у радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Зусім маладыя хлопцы ўпэўнена чаканілі крок ля помніка загінуўшым воінам, салютавалі подзвігам сваіх продкаў. Пасля ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў калона накіравалася ў гарадскі Дом культуры.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук шчыра вітаў прадстаўнікоў трох пакаленняў абаронцаў Айчыны, гаварыў пра бяссмяротны подзвіг бацькоў і дзядоў, здзейснены ў гады ваеннага ліхалецця. А лепшым з тых, хто ахоўвае мір і спакой сёння — прадстаўнікам вайсковых часцей, дыслакаваных на тэрыторыі нашага раёна, Дзмітрый Бурдук уручыў граматы райвыканкама.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч таксама павіншаваў прысутных са святам і ўручыў граматы і падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў.
Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Аляксандр Русін адзначыў ролю ветэранаў ваеннай службы ў выхаванні падрастаючага пакалення. А галоўны ваенны камісар раёна Ігар Гусак гаварыў пра гісторыю і баявы шлях непераможнай і легендарнай нашай арміі, пра тое, як стаць ваенным прафесіяналам.
Урачыста і прыгожа адзначалася свята абаронцаў Айчыны. На сцэне змяняліся творчыя калектывы, якія дарылі лепшыя песні, танцавальныя нумары, шчырыя словы ўдзячнасці і любві.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *