Час для канструктыўнага дыялога

Сустрэчы кіраўніцтва раёна з працоўнымі калектывамі працягваюцца. Графік распрацаваны і выконваецца бездакорна. Напрыклад, старшыня дэпутацкага корпуса Леанід Калбаса сустрэўся з калектывамі агракаледжа, камунгаса, кансервавага завода, РЭС, а таксама з жыхарамі Жарабковіцкага сельсавета.

Леанід КАЛБАСА, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Форма такой зваротнай сувязі, калі прадстаўнікі мясцовай улады сустракаюцца з работнікамі раёна, тым і каштоўная, што адрозніваецца сваёй шчырасцю, даверам і, канешне, эфектыўнасцю і рэзультатыўнасцю. Часцяком дасягненні раёна, вобласці, краіны за працоўнымі і дамашнімі клопатамі не трапляюць у поле ўвагі землякоў. Нагадаць пра апошнія дасягненні беларусаў, убачыць удзел у гэтым жыхароў нашага раёна – частка таго, што закранаецца падчас такіх мерапрыемстваў.
Прыемна ўсведамляць, што нашы працаўнікі да такіх сустрэч рыхтуюцца і, больш таго, чакаюць іх. Прыклад таму – маса праблемных пытанняў, што ўзнікаюць падчас дыскусіі, слушныя прапановы, пажаданні. Гэта гаворыць пра тое, што нам давяраюць, такім чынам гараджане і вяскоўцы праяўляюць сваю грамадскую пазіцыю.
Стала добрай традыцыяй, калі на сустрэчах прысутнічае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык. Жыхары раёна добра ведаюць свайго прадстаўніка ў заканадаўчым органе, бо адчулі тое, што называецца словы, пацверджаныя справамі. Таму тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян заўсёды маюць канструктыўны вынік.

Іван ЧАЙКОЎСКІ, член Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў:
– Працую ў лясгасе. Нядаўна кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі сустракаўся з працоўным калектывам нашай установы. Як і падчас работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, гучалі важныя тэмы. Як прадстаўніку маладога пакалення мне важна, скажам так, ведаць усё з першых вуснаў. Раён у канкрэтных лічбах і фактах – тое, што павінен ведаць кожны грамадзянін. Асабіста мяне зацікавіла інфармацыя пра тое, што было набыта ў розныя ўстановы раёна, якія змяненні адбыліся ў нашым райцэнтры. Сёння мы не можам ігнараваць той факт, што за апошнюю пяцігодку горад падрос у многіх планах. Напрыклад, з апошняга – заўсёдная кропка на веласіпедным маршруце нашай сям’і – зона адпачынку на рацэ Ведзьма: добраўпарадкаваныя дарожкі, лавачкі, стыльная альтанка, а на другім баку дарогі – металічнае сэрца, пляцоўка для адпачынку. А чаго варты музей пад адкрытым небам. І гэта невялікая частка апошніх пераўтварэнняў.