Здаровая стабільнасць

Ніхто не аспрэчыць, што здароўе – адна з галоўных каштоўнасцяў. Яго не набудзеш ні за якія сродкі. Гэта ярка прадэманстравала гісторыя з каранавірусам. Яна і пацвердзіла, што толькі разам можна дабіцца поспеху, дасягнуць станоўчага выніку. У барацьбе з вірусам былі задзейнічаны ўсе сродкі, і наша краіна выйшла, можна сказаць, у параўнанні з іншымі, з мінімальнымі стратамі. Гэтаму садзейнічала, лічу, у тым ліку, захаваная, не разбураная за апошнія дзесяцігоддзі мадэль сістэмы аховы здароўя, якая ўключае дзяржаўныя лячэбныя ўстановы і санітарную службу. Беларусь не пайшла на суцэльны каранцін. Стабільна працавалі прадпрыемствы і заводы, без паўз шчыравалі ў сельскай гаспадарцы. І вопыт паказаў, што гэта было апраўдана: хлеб пасеялі своечасова, сёння ва ўсю ідзе ўборачная кампанія.
Меддапамога падчас пандэміі аказвалася пенсіянерам і маладым, людзям з розным сацыяльным статусам і даходам – гэта надзвычай важна.
У нашым раёне мы таксама справіліся, не разгубіліся, калі давялося сутыкнуцца з незнаёмым вірусам. Перабудоўваліся, так сказаць, на хаду. Аб’ядналі намаганні і сілы. У цяжкай эпідсітуацыі за  бюджэтныя грошы былі набыты дзве сучасныя машыны хуткай
медыцынскай дапамогі. Усё дзеля таго, каб палепшыць медабслугоўванне. У бліжэйшы час, дзякуючы спонсарскай падтрымцы раённых прадпрыемстваў, зноў чакаецца транспартнае папаўненне.
За апошнія гады сістэма аховы здароўя змянілася вельмі адчувальна. Гэта відаць і ў маштабах раёна. Новая паліклініка, харчаблок, сучаснае медабсталяванне і тэхналогіі. Пералічваць абноўкі можна доўга. Галоўнае – клопат пра здароўе насельніцтва, дзеля якога робіцца многа.
Для мяне пытанне, ці ісці на выбарчы ўчастак, не стаіць. Я за стабільнасць, якасць і ўтульнасць, бяспеку і развіццё, імкненне наперад.

Георгій ХЛЯБОВІЧ, галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ.