Каб смецце не азмрочвала пейзажы. Карэспандэнт «ЛВ» адправіўся ў рэйд

Такую карціну назіраў, напэўна, кожны: кампанія, якая прыехала на пікнік, з абурэннем выбірае найбольш чыстую пляцоўку. А калі з’язджае… пакідае пасля сябе яшчэ большы сметнік. Або сям’я прыводзіць у парадак магілы родных і скідае ахапкам штучныя кветкі і рэшткі травы тут жа, пад агароджай могілак. Хоць да смеццевага кантэйнера нейкая сотня метраў.

Каб  прадухіліць утварэнне стыхійных сметнікаў, раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рэгулярна праводзіць рэйды. У адзін з іх з супрацоўнікамі інспекцыі адправіўся і карэспандэнт «ЛВ». Пад пільнай увагай на гэты раз аказалася тэрыторыя Конькаўскага сельсавета.

Такі малюнак давялося ўбачыць на тэрыторыі прыватнага
дрэваапрацоўчага цэха ў вёсцы Галавачы.

Чыста там,  дзе працуюць на прафілактыку

Рэйд пачынаецца з аграгарадка Конькі. Вуліцы Кветкавая і Спакойная цалкам апраўдваюць сваю назву: тут пануюць чысціня і спакой, а многія ўчасткі літаральна ўсыпаны яркімі гладыёлусамі і ружамі.

На вуліцы Кастрычніцкай знеслі дом. Засталася труба і рэшткі хаты. Не крытычна, але за ходам работ і парадкам у працэсе будзе сачыць прыродаахоўная служба.

Вырашаем праехаць па ўскраіне аграгарадка. Там, як паказвае практыка, у кустах або нізінах часцей за ўсё ўтвараюцца стыхійныя звалкі. На гэты раз, на шчасце, ніводнай не знаходзім.

– Зараз стыхійных сметнікаў стала сапраўды менш. Але гэта вынік шматгадовай працы: праводзіліся рэйды, прыцягваліся да адказнасці парушальнікі. Да таго ж цяпер няма ніякіх праблем з вывазам смецця. Камунгас працуе над гэтым, ёсць графік вывазу, устаноўлены кантэйнеры для паасобнага збору смецця, –  гаворыць галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч.

Праблем з ангар

У вёсцы Галавачы ўвагу супрацоўнікаў райінспекцыі прыцягвае ангар, у якім размясціўся дрэва-апрацоўчы цэх індывідуальнага прадпрымальніка.

На яго тэрыторыі адкрываецца сумнае відовішча: участак зарос бур’яном, горы пілавіння, дошкі звалены неакуратнымі кучамі. Па тэрыторыі раскіданы поліэтыленавая плёнка, пластыкавыя скрыні, металалом.

Сустракаем гаспадара цэха. Ён тлумачыць, што цэх пачаў працаваць у лістападзе 2019 года. Пілавінне і драўляныя абрэзкі ў бліжэйшы час вывезе, а вось за металалом адказвае сельгаспрадпрыемства.

– Нават калі і так, праблем застаецца не менш. Хто перашка-джае акуратна складваць адходы дрэваапрацоўкі, абкасіць тэрыторыю, арганізаваць паасобны збор смецця? – задае пытанне начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская.

У дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка будзе пачаты адміністрацыйны працэс.

Беспарадак  з дачным каларытам

Лета – гарачая пара для дачнікаў. На тры месяцы яны ператвараюцца ў заўзятых вяскоўцаў і сумяшчаюць адпачынак і догляд за агародам. Шкада толькі, што ад іх бурнай дзейнасці часта пакутуюць тэрыторыі вакол дачных пасёлкаў: тут перыядычна з’яўляюцца стыхійныя звалкі.
З’язджаем з дарогі перад чыгуначным пераездам каля вёскі Зарэчча. Тут адкрываецца цудоўны пейзаж: мора налітых золатам каласкоў пшаніцы, якое хвалямі разліваецца ад павеваў ветру, блакітныя агеньчыкі-васількі… Але варта адвесці позірк убок, і адкрываецца зусім не маляўнічая карціна.

У яме, на супрацьлеглым баку ад  поля, дачнікі ўстроілі стыхійны смет-нік: шкло, бутэлькі і іншыя бытавыя адходы. Акрамя гэтага, яма пачала расці: невядомыя капаюць тут пясок.

Як высветлілася, адказнасць за тэрыторыю нясе мясцовая сельгас-арганізацыя. Туды і адправіцца сігнал аб беспарадку.

Каварны сумнік

Наступны пункт рэйда – аграгарадок Дарава. На вуліцах чыста, зона адпачынку абкошана і таксама ў парадку.

Але супрацоўнікі райінспекцыі ведаюць праблемныя месцы. За Дараўскім касцёлам буяе канадскі сумнік (залатарнік). Што ж не так з гэтай раслінай?

Жоўтыя кветачкі гэтага мнагалетніка можна ўбачыць на лугах і пашах, а некаторыя дачнікі нават упрыгожваюць ім кветнікі на сваіх участках.

Аднак, па сваёй небяспецы для біяразнастайнасці расліна стаіць у адным шэрагу з баршчэўнікам Сасноўскага. Гэта таксама захоп-нік: ён займае ўсё новыя і новыя тэрыторыі, знішчаючы іншую расліннасць.

Сумнік не прываблівае жывёл у якасці ежы, таму тэрыторыі, захопленыя ім, бессэнсоўна выкарыстоўваць як пашы, а сам мнагалетнік не нарых-тоўваюць на корм жывёле.

Селіцца пустазелле не толькі на лугах і пустках, але і ў лясах. А гэта небяспечна тым, што ў далейшым на занятых ім тэрыторыях будзе няпроста правесці лесааднаўленне. Акрамя таго, прыгнятаючы многія лясныя расліны, сумнік пазбаўляе жывёл і птушак корму.

Але спосабы барацьбы з гэтым пустазеллем ёсць. Яго рэкамендуюць скошваць 3-4 разы за сезон. Можна абмежавацца і аднаразовым выкошваннем у сярэдзіне жніўня, калі насенне яшчэ не выспела, пасля чаго абавязкова ўтылізаваць – спаліць.

Адпаведныя рэкамендацыі ў бліжэйшы час будуць накіраваны ў сельвыканкам.

Вынесці смецце… у кусты

Малое Падлессе сустракае нас марафетам. Абочыны скошваюцца, на тэрыторыі могілак працуюць супрацоўнікі камунгаса. Але і тут ёсць недахопы.

Хтосьці не данёс смецце да кантэйнера і пакінуў два пакеты ў кустах на абочыне дарогі. Агульны выгляд гэта дакладна не ўпрыгожыць. Але больш недахопаў супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не выявілі.

Як гаворыць народная мудрасць, парадак у доме – парадак у галаве. Хтосьці ўспрымае яе зусім літаральна: лічыць, што калі смецце выкінуць за межы дома або двара, то ў яго чыста, і сумленне можа быць спакойным. Аднак, гэта не так. Дом у гэтым выпадку – паняцце маштабнае: вёска, горад, краіна. Давайце жыць чыста.

ДАРЭЧЫ. Некаторыя заўвагі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаўі аховы навакольнага асяроддзя ўжо на наступны дзень пасля рэйда пачалі аператыўна ўхіляцца: было прыбрана смецце ў Малым Падлессі, ліквідаваны стыхійныя звалкі каля чыгуначнага пераезда недалёка ад Зарэчча, скошаны сумнік. А індывідуальны прадпрымальнік з Галавачэй пачаў наводзіць парадак на тэрыторыі.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.