Чаму навучыў каранавірус. Па-ранейшаму вялікая стаўка – на самасвядомасць і самаадказнасць

Людзі могуць адаптавацца да ўсяго, уцягнуцца, прыстасавацца, перабудавацца. Мы адаптаваліся да каранавіруса і крызісу, выкліканага ім: навучыліся правільна мыць рукі, насіць маскі, менш рэагуем на навіны і статыстыку. Працэс адаптацыі патрабаваў унутранай напружанасці, вялікая колькасць намаганняў і часу пайшла на тое, каб гэта перацярпець. Большасць з нас думае пра рызыкі, звязаныя са здароўем. Гэта зразумела – вірус не прыдуманы, рызыка сапраўды вялікая, у яго большая смяротнасць, чым у звычайнага грыпу. Пакуль інфекцыю канчаткова не перамаглі, таму па-ранейшаму вялікая стаўка – на самасвядомасць і самаадказнасць.

Яшчэ адзін бок гэтага крызісу – змяншэнне кантактаў паміж людзьмі, ад чаго падае ўзровень даверу. Сутыкнуўшыся з абставінамі, калі ніхто толкам не ведаў, як сябе паводзіць, некаторыя наракалі на дзеянні ўлады і недахоп інфармавання (што нельга сказаць пра нашу раёнку). У краінах, дзе былі ўведзены больш жорсткія меры каранціну, назіраўся рост алкагалізацыі, дамашняга насілля, зніжэння медыцынскай дапамогі па іншых захворваннях, людзі гублялі працу і бізнесы…
Каранавірус нічога не змяніў і не прыўнёс, але праявіў і высвяціў тыя праблемы і страхі, якія былі ў грамадстве і ў кожнага чалавека асобна. Напрыклад, стала больш лічбавізацыі і інтэрнэту ў нашым жыцці. На ўзроўні мыслення – мы тая інфармацыя, якую спажываем. Асаблівасць мозга ў тым, што калі ёсць выбар паміж простай і складанай задачай, ён заўсёды выбярэ простую. Такім чынам, змагаючыся за аудыторыю, за нашу ўвагу, каб выйграць у канкурэнтнай гонцы, становіцца ўсё больш прымітыўнага кантэнту. Спажываеш лухту – у галаве лухта. Гэта і ёсць феномен інфармацыйнай псеўдадэбільнасці (я не лаюся, гэта тэрміналогія), які прыводзіць да росту агрэсіі, азлаблення значнай часткі насельніцтва, ступень канфлікту павышаецца, але гвалт не нясе за сабой нічога добрага. Чытайце Махатму Гандзі і Евангелле.
Але ёсць і добрая навіна – «каранакрызіс» дапамог зразумець, што ад кожнага з нас шмат залежыць, і мы шмат на што здольныя: мы навучыліся кансалідавацца для дапамогі медыкам, з’явілася шмат валанцёраў і грамадскіх ініцыятыў, адчулі грамадскую супольнасць. А на асабістым узроўні навучыліся паважаць межы іншага і сталі больш адказнымі за сваё здароўе і здароўе блізкіх.

Надзея ФІЛІМОНАВА, псіхолаг.