У Ляхавічах прайшло першынство Рэспублікі Беларусь па самба

Верхняя ступень п’едэстала ва Уладзіслава Цярпіцкага.

Дзюдо і самба — два блізкія па стылі віды спартыўнай барацьбы — знаходзяцца зусім побач адзін ад аднаго. Так што, калі валодаць навыкам і праявіць спрыт, можна «узяць захоп» і правесці выніковае дзеянне. У тым сэнсе, што як няма дзюдаіста, які б не паспрабаваў сябе на барцоўскім дыване, так і не знойдзецца самбіста без вопыту «работы» на татамі. Барцы перасякаюцца не проста часта — рэгулярна. Вось і на першынстве Рэспублікі Беларусь па самба сярод юнакоў і юніёраў, якое праходзіла ў нашым горадзе з 21 па 23 лютага, было нямала і тых, хто прыкладна за 3 месяцы да таго ўжо адзначыўся ў спартыўнай зале Ляхавіцкай ДЮСШ. На зыходзе восені ў нас праходзіў адкрыты кубак горада па дзюдо, а сціплы па гучанні турнір уяўляў сабой міжнародныя спаборніцтвы з удзелам у тым ліку і мацнейшых маладых дзюдаістаў краіны. Многія з іх былі і зараз — ужо ў якасці самбістаў.
Эпітэт «мацнейшыя» ў даным кантэксце выкарыстаны зусім не дзеля чырвонага слоўца. Дадатковым бонусам да і без таго высокага звання лепшага юнака ці юніёра-самбіста краіны перамога ў спаборніцтвах давала права на паездку на Кіпр. 14-15 красавіка ў міжземнаморскай краіне павінна адбыцца еўрапейскае першынство па самба. Апошнім транзітным пунктам на шляху да яго і сталі нашы Ляхавічы, куды ў складзе зборных каманд абласцей краіны і горада Мінска з’ехалася больш за сотню атлетаў. Былі таксама і высокія прадстаўнікі спартыўнай федэрацыі, вядомыя трэнеры. Напрыклад, заслужаны трэнер Сямён Гуманаў, шматразовая чэмпіёнка свету, а зараз дзяржаўны трэнер па самба Вераніка Казлоўская. Павіншавалі пераможцаў і прызёраў, прынялі ўдзел у цырымоніі іх узнагароджання.
За першынство, што праходзіла ў родных сценах, змагаліся і чацвёра выхаванцаў Ляхавіцкай ДЮСШ. Ілья, Кірыл і Уладзіслаў Піліногі выступалі за каманду Брэсцкай вобласці. Як расказаў настаўнік хлопцаў трэнер-выкладчык ДЮСШ Віктар Богуш, з іх найбліжэй да п’едэстала першынства быў Ілья, які выступаў у вагавай катэгорыі да 70 кілаграмаў. Змагаўся за выхад у фінал, што пры ўмове выйгрышу гарантавала высокае другое месца і давала права на «залатую» схватку. На жаль, не атрымалася на гэты раз… .
У супрацьстаянні спартсменаў прыкладна роўна гатовых функцыянальна, тэхнічна і тактычна, несумненна, важнейшае значэнне ў зыходзе паядынку адыгрывае псіхалогія, бескампраміснасць настрою на кароткім і ў многім вырашальным адрэзку часу. Сведчыць вопыт, што вельмі няпроста настроіцца на барацьбу за трэцяе месца, калі яшчэ імгненні назад рэальна блізкай здавалася перамога. Магчыма, іменна неданастрой не дазволіў Ільі выйграць пасля і схватку за «бронзу». У выніку — пятае месца.
Дарэчы, такога ж выніку дасягнуў пазней і Улад Пілінога. Рэгламент не забараняў, і ў апошні дзень спаборніцтваў юнак паспрабаваў свае сілы ў барацьбе са старэйшымі ўдзельнікамі першынства. Выступленне аказалася больш паспяховым.
Яшчэ адзін былы выхаванец Віктара Богуша Уладзіслаў Цярпіцкі працягвае зараз адукацыю ў Мінску. Прафесійную — у адной з ВНУ сталіцы, а спартыўную пад кіраўніцтвам мэтра трэнерскага цэха Сямёна Гуманава. У родны горад прыехаў у складзе каманды горада Мінска. Прыезд аказаўся ўдалым, выступленне — пераможным. Стаў лепшым на турніры ў разрадзе юнакоў вагавай катэгорыі больш за 87 кілаграмаў.
Лепшыя камандныя вынікі паказалі прадстаўнікі сталіцы краіны.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “У Ляхавічах прайшло першынство Рэспублікі Беларусь па самба

  • 27/02/2013 в 01:47
    Permalink

    Отрадно, что местом проведения таких соревнований стал наш город.Тем более приятно, что его почтили своим присутствием мэтры республиканского спорта. Как всегда впечатлил Владислав Терпицкий. Настоящий мужчина и спортсмен. Удачного покорения ему спортивных вершин и новых побед!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *