Як у Ляхавічах вясну гукалі /фота/

У народным гулянні, якое адбылося ў мінулую нядзелю на гарадскім стадыёне «Колас», прысутнічалі элементы двух свят: Масленіцы і гукання вясны

…Апошняя нядзеля лютага цяплом не парадавала: надвор’е было з марозцам, пранізлівым халодным ветрам. Першымі на стадыёне ўладкоўваліся культработнікі з выставамі народных умельцаў, тут жа размясціліся грымёркі для самадзейных артыстаў, упрыгожвалася сцэна. Шчыравалі работнікі прадпрыемстваў грамадскага харчавання: раскладвалі свежую выпечку, гатавалі шашлыкі і бліны. А вось гледачы не надта спяшаліся да заяўленага ў аб’явах часу мерапрыемства. Можа таму і пачалося яно не ў 11 гадзін, а на 20 хвілін пазней.
Скамарохі віталі ўсіх, хто прыйшоў на стадыён. Сыпаліся песні, жарты, прыказкі і прымаўкі, загадкі і віншаванні, гульні і сюрпрызы. Весяліць народ самадзейныя артысты і калектывы Ляхавіччыны ўмеюць. Адна Лявоніха чаго вартая! Такімі жартачкамі закідае — толькі трымайся!
Хаця скамарохі і выступалі адным голасам (чытай — пад фанаграму), і ўсё ж большасць нумароў выконвалася, як гаворыцца, «у жывую». За што дзякуй самадзейным артыстам. Слухачы і гледачы адорвалі іх за гэта шчырымі апладысментамі. Загадкі адгадваліся на ўра, тым больш, што за правільную разгадку — аладка. Нельга было не спыніцца каля выставы народных умельцаў. Наўрад ці знойдзецца нехта, каго не зачаравалі гліняныя вырабы Алены Базылевай. І саламяныя цуды ў выкананні Святланы Страмавус не перастаюць здзіўляць сваёй прыгажосцю. Не абышлося без традыцыйных вышыванак і ткацкіх вырабаў. Не згубіліся модныя вязаныя рэчы, зробленыя членамі гуртка «Гаспадынька» Зубелевіцкага СДК.
Надзвычайнай папулярнасцю карыстаўся запрэжаны ў сані конь. Жадаючых пакатацца на ім было дастаткова. Быў і касцёр як сімвал канца зімы і ачышчэння зямлі. Нічога не скажаш: парадавала райпо і смачнымі стравамі, і гарачай гарбатай, і бяспройгрышнай латарэяй.
На гарадскім стадыёне праходзілі спартыўныя спаборніцтвы першага этапа раённай спартакіяды працоўных калектываў. Яны ўключалі ў сябе лыжныя гонкі, біятлон, армрэслінг, шашкі. Яшчэ да пачатку стартаў шматлюдна было на імправізаваным стрэльбішчы. Аматары здаровага ладу жыцця трэніраваліся на лыжні. Свае каманды на спаборніцтвы выставілі лясгас, ПМС, райбаль-ніца, аддзел адукацыі райвыканкама, ЛДАК, райветстанцыя, РВПС, СВК «Жарабковічы», торфабрыкетны завод. Агульнакамандную перамогу святкавала спартыўная дружына аддзела адукацыі, на другім і трэцім месцах адпаведна — СВК «Жарабковічы» і ЛДАК.
Што датычыцца асабістых перамог, то ў сямейнай лыжнай эстафеце роўных не было сям’і Шастак, якая прадстаўляла каледж. Дарэчы, Таццяна Шастак першай фінішавала і сярод жанчын, а сярод мужчын — Сяргей Лукашэвіч з каманды аддзела адукацыі. Лепшыя шашысты працуюць у «Жарабковічах» — Аляксандра Булатая і Леанід Варвашэвіч.
Для ўсіх, хто прыйшоў на стадыён «Колас», апошняя нядзеля лютага і зімы была поўнай сонечнага аптымізму, непадробнага вяселля, цудоўнага настрою.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Больш фота з свята глядзіце ў раздзеле «Фотагалерэя»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *