Батон на тысячу тон. На гэтым тыдні на Ляхавіччыне ўшаноўвалі першых тысячнікаў жніва

У раёне з’явіўся свой экіпаж-тысячнік. Першым на рубеж грасмайстарскіх намалотаў выйшаў тандэм у складзе старшага камбайнера Эдуарда Чалядкі і камбайнера Уладзіслава Падгурскага з дзяржпрадпрыемства «Нача». Факт можна выдаць за знакавую падзею ўборкі, а яго галоўных творцаў лічыць галоўнымі не толькі жніўнымі, але і медыйнымі персонамі дня.

Начаўскія хлебаробы Эдуард Чалядка і Уладзіслаў Падгурскі першымі адправілі тысячу тон збожжа на жніўны рахунак раёна.

«Юбілейныя» ўрачыстасці з нагоды ўшанавання першых тысячнікаў адбыліся ў той жа дзень.
Былі кароткімі – час абавязвае, прайшлі дынамічна-ярка, пад «крынічныя» мелодыі. Гучалі словы віншавання, не абышлося без падарункаў, пажаданняў здароўя, шчасця, дабрабыту, дасягнення экіпажам новых вытворчых вяршынь. У сітуацыі, калі жніво-2020 не дасягнула яшчэ і сярэдзіны, чаму б начаўскаму экіпажу КЗС-12 не замахнуцца на намалот яшчэ адной тысячы хлебнага зерня.
Па стане на ўчарашнюю дату, з абмалотам прыкладна 40 пра-цэнтаў збожжавых раён ужо справіўся. Асобныя – «Белпрампрыбор», у прыватнасці – даволі значна «перанесліся» за экватар. І, мяркуючы па аператыўнай статыстыцы райсельгасхарчу, з кожным новым працоўным днём нязжатая збожжавая паласа Ляхавіччыны «звужаецца» на 550-600 гектараў.
Ураджайнасць гэтага года плюсуе ў параўнанні з леташнім і вагаецца вакол лічбы ў 46 цэнтнераў на гектар. Сваім асобным шляхам ідзе ААТ «Жарабковічы», ураджайнасць якога перавышае сярэднераённую больш як на 30 цэнтнераў.
ДП «Нача», на палетках якога «вырас» першы раённы камбайнавы экіпаж-тысячнік, з работамі справілася прыкладна на палове сваіх збожжавых плошчаў. Сярэдні гектар «паказвае» прадукцыйнасць, роўную 44-45 цэнтнерам – плюс 6-7 адзінак да леташняга.
А за «начаўцамі» ў шэрагі тысячнікаў «запісаліся» хлебаробы з ЗТАА «БелДан». Але гэта ўжо тэма для іншай размовы.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА