Да прыёму прыступіць. Чым адметны жнівень для ўстаноў аховы здароўя Ляхавіччыны?

У першую чаргу, кадравым папаўненнем. З першых дзён месяца да самастойнай работы ў якасці маладых спецыялістаў прыступаюць учарашнія інтэрны і выпускнікі сярэдніх спецыяльных медыцынскіх навучальных устаноў. У Ляхавіцкім раёне ў апошнія гады прыток кадраў надзвычай унушальны. І сёлета не стала выключэннем.

– З задавальненнем прымаем у наш зладжаны калектыў маладыя сілы – восем урачоў і 21 прадстаўніка сярэдняга медыцынскага персаналу. Пастараемся стварыць для іх спрыяльныя ўмовы, каб яны маглі ў поўнай меры прадэманстраваць на практыцы атрыманыя падчас вучобы веды. Першы і важны крок для замацавання калег-навічкоў ужо зроблены – кожны, хто мае патрэбу, атрымаў жыллё. Заканадаўствам і калектыўным дагаворам прадугледжаны разнастайныя матэрыяльныя выплаты. Для ўдасканалення ў прафесійным майстэрстве за кожным маладым спецыялістам замацаваны вопытны настаўнік, які падкажа, дапаможа, падтрымае, – расказвае галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.
З 2 жніўня адлік сваёй працоўнай біяграфіі ў якасці медыцынскіх сясцёр, фельчараў, памочнікаў урачоў у райбальніцы, паліклініцы, урачэбных амбулато-рыях урача агульнай практыкі, а таксама
на Адахаўшчынскім, Конькаўскім і Русінавіцкім ФАПах пачалі выпускнікі Брэсцкага, Пінскага, Слуцкага, Слонімскага медкаледжаў. Дарэчы, сярод іх і пяцёра нашых землякоў – жыхароў Ляхавіцкага раёна.
Прымаць пацыентаў пачалі чатыры ўрачы агульнай практыкі, два хірургі, урач ультрагукавой дыягностыкі, урач псіхіятр-нарколаг.
Асаблівыя першыя дні самастойнай работы і для ўрача агульнай практыкі Андрэя Качана. І не толькі таму, што пачынаць заўжды складана. Андрэй Сяргеевіч – ляхавічанін. І менавіта ў нашай райбальніцы праходзіў год інтэрнатуры.
– Вучыўся ў Гродзенскім медуніверсітэце па мэтавым накіраванні, таму буду адпрацоўваць у нашай райбальніцы пяць гадоў. Мне тут падабаецца. Інтэрнам працаваў у тэрапеўтычным, неўралагічным і хірургічным аддзяленнях . А падчас эпідэміі каранавіруса – у інфекцыйным. Многаму і ў прафесійным плане, і ў адносінах да пацыентаў навучыўся ў выдатных урачоў Міхаіла Уладзіміравіча Буйкевіча, Алега Сяргеевіча Арлоўскага, Арцёма Уладзіміравіча Кабушкі. Буду старацца іх не падвесці. А пачну працоўную біяграфію ўрачом агульнай практыкі ў паліклініцы, – гаворыць малады спецыяліст.

ФАКТ

За апошнія пяць гадоў установы аховы здароўя Ляхавіччыны сталі першым месцам самастойнай працы для 140 маладых спецыялістаў: 55 урачоў і 85 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу.
З 2016 па 2020 гады на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» накіравана практычна два мільёны рублёў, выдаткаваных з бюджэту.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.