Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь падзялілася ўражаннямі ад Паслання Прэзідэнта

Людміла ЖАЛНЕРЧЫК, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыя-нальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
– Беларусы – шчаслівыя людзі, ужо нават таму, што маюць бясцэнны падарунак – незалежнасць краіны. І, як адзначыў Прэзідэнт падчас Паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, народ Беларусі моцна трымае ў руках будучыню сваёй незалежнай краіны. Мы бачым моцную дзяржаву, якая ў складаныя часы заўсёды знаходзіла правільны шлях развіцця, выпрацоўвала свой сцэнарый правядзення знешняй і ўнутранай палітыкі. І рабіла гэта годна. З фактамі не паспрачаешся.
Сітуацыя з вірусам пацвердзіла, што ахова здароўя нашых грамадзян, іх дабрабыт, дастойны ўзровень жыцця – у прыярытэце дзяржаўнай палітыкі. Падчас сустрэчы з калектывам Ляхавіцкай райбальніцы чарговы раз пераканалася, што мы можам ганарыцца прафесійнай падрыхтоўкай, адказнасцю і адданасцю рабоце, вернасцю сваёй справе беларускіх медыкаў. Яны сёння таксама адчулі, што не засталіся сам-насам з кавідам. Побач – дзяржаўная падтрымка і клопат.
Узгадаю яшчэ адзін факт, калі менавіта беларуская сталіца стала мірнай пляцоўкай для ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту. І такіх прыкладаў вельмі многа.
Шчыра прашу беларусаў берагчы тое, што нам засталося ў спадчыну, тое, што мы напрацавалі і стварылі за шлях сваёй незалежнасці. Гэта дарагі скарб, і яго аддаваць нельга. Пасланне Прэзідэнта прагучала ярка, моцна, так, што запала ў душу, упэўнена, і тым, хто глядзеў і анлайн-эфір.
Адкажыце сабе на пытанне: у якой мы краіне жывём? Прыгожай, бяспечнай, светлай, дзе сапраўды пануюць лад, мір, згода. А яшчэ дзе так шчасліва нашым дзеткам, дзе ёсць усе магчымасці для развіцця, дзе павага і клопат да старэйшага пакалення. Беларусь – прыклад міру, незалежнасці. І гэта традыцыя, якой здраджваць нельга.