Родны партрэт на паштоўцы. «Партрэт горада Ляхавічы» можна набыць у ляхавіцкай бібліятэцы

А вы хацелі б атрымаць у падарунак паштоўку, напоўненую самым цёплым і пяшчотным сэнсам? Адказ відавочны. Такую магчымасць прапануюць супрацоўнікі нашай купалаўкі, якія распрацавалі наборы паштовак «Партрэт горада Ляхавічы» і «Гісторыка-культурная спадчына Ляхавіцкага раёна».

Днямі наша купалаўка рэкламавала ў сваіх сацыяльных сетках класную навінку, якая зацікавіць не толькі ляхавічан, але і тых, хто вырашыў наведаць наш утульны куток Беларусі. Які, між іншым, вельмі багаты на гістарычныя жамчужынкі.
Многія месцы райцэнтра якраз і трапілі на паштоўкі, што падтрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі. Толькі не ў звычайным фармаце, а з экскурсам у мінулае, з мэтай пагля-дзець, як было дзясяткі гадоў назад, і як сёння выглядае той ці іншы турыстычны аб’ект на карце Ляхавіцкага раёна. Кінатэатр «Кастрычнік», вуліца 17-га Верасня, плошча Леніна, аўтастанцыя «Ляхавічы», будынак райЦГіЭ і іншыя.
Набор паштовак, які, дарэчы, і называецца прывабна, – «Партрэт горада Ляхавічы» – можна набыць у бібліятэцы. Кошт прымальны – шэсць рублёў. Такі прыемны бонус да турыстычнага патэнцыялу Ляхавіччыны.
– Сёння нашы паштоўкі ўжо знайшлі першых сваіх уладальнікаў. Наборы сталі прыемным падарункам для ўдзельнікаў адукацыйнага семінара па турызме, што праходзіў на базе Ляхавіцкага раёна. Ды і зацікаўленыя ляхавічане не супраць мець дома такі эксклюзіўны падарунак, – адзначае дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч.
Распрацаваны і яшчэ адзін набор паштовак з мясцовымі турыстычнымі аб’ектамі «Гісторыка-культурная спадчына Ляхавіцкага раёна».

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.