Зборная арыфметыка. Карэспандэнт «ЛВ» пацікавіўся асартыментам школьнага тавару

Да пачатку новага навучальнага года засталося некалькі тыдняў. Бацькоўскія клопаты многіх ужо сканцэнтраваны на тым, як размеркаваць сямейны бюджэт і экіпіраваць дзяцей усім патрэбным для паспяховай вучобы.

Адназначна, першынство сярод ляхавіцкіх магазінаў, дзе можна купіць калі не ўсё, то большасць з патрэбнага – магазін райпо «Дзіцячы свет «Аліса». Пакуль тут не надта мнагалюдна, пік чакаецца бліжэй да сярэдзіны жніўня.
Які тавар сёння самы хадавы, пацікавіўся карэспандэнт раёнкі ў прадаўцоў «Алісы».
– У першую чаргу, канцылярскія тавары і школьная форма. Лічу, што мы дастойна падрыхтаваліся – усё ёсць, асартымент добры. Калі гаварыць пра цэны, то яны ў нас прымальныя, – адзначыла дырэктар магазіна Ірына Паплаўская.
І сапраўды, прапанова тут някепская: сучасная і на розныя густы школьная форма, камфортны абутак, пісьмовыя прыналежнасці, партфелі і многае іншае, што спатрэбіцца і першакласнікам, і выпускнікам. Можа не ў такім шырокім асартыменце, як у буйным спецыялізаваным гандлёвым цэнтры, на школьных кірмашах, але ўсё ж выбраць можна, прычым тавар якасны, у асноўным беларускіх вытворцаў.
– Заўжды набываем школьныя абноўкі па зараней скла-дзеным спісе, паступова, пачынаючы яшчэ з чэрвеня, так і для сямейнага бюджэту менш адчувальна. Сыны ў адзенні непераборлівыя, форму – піджак і штаны – купілі, канцылярку таксама, партфелі – з мінулага года. Застаўся толькі абутак. Зайшла паглядзець, – дзеліцца ляхавічанка Таццяна Віктараўна.
Асартымент школьнага адзення ў «Алісе» прадстаў-ляюць некалькі фабрык. Лідар па спадніцах, штанах, пінжаках, сарафанах, камізэльках – «Калінка», кашулі, блузкі прапануе «Эліз».
Для хлопчыкаў касцюм абыдзецца ў 50-60 рублёў. На дзяўчынку бацькам давядзецца патраціцца больш. Камізэлька каштуе 30 рублёў, спадніца і блузка – яшчэ па 30. Тут можна набыць і спартыўны касцюм, і абутак. У «Алісе» на ўвесь асартымент вытворчасці абутковай фабрыкі «Нёман» скідкі. Так што прыходзьце.
У магазіне можна набыць партфель, рукзак ці сумку. Памеры, афарбоўка, матэрыял – розныя, як і кошт. Для дзяўчынкі ружовы – за 33 рублі, хлопчыка – цёмны за 37 рублёў.
Дастойная прапанова канцылярскіх тавараў – алоўкаў, ручак, фламастараў і іншай дробязі. Для многіх важна купіць не што-небудзь, а тое, што неабходна ў першую чаргу, а яшчэ не надта дарагое. Таму адказ на пытанне, у колькі абыдуцца пісьмовыя прыналежнасці, залежыць ад асабістых густаў і магчымасцей, пажаданняў і запатрабаванняў дзяцей.
Дарэчы, школьнымі таварамі, акрамя райпо (традыцыйна куткі школьніка абсталяваны і ў сельскіх магазінах), гандлююць прыватнікі – на рынку і ў крамах. Канцылярскія прыналежнасці прадаюць у кіёсках Брэстаблсаюздруку. Так што ёсць з чаго выбіраць. Але варта паспяшацца, верасень не за гарамі.

Галіна КАНЬКО. Фота Сяргея Варановіча.