ДЗЕЙСНАЯ ПАДТРЫМКА


Каб 1 верасня стала сапраўдным святам для рабят, у тым ліку і з малазабяспечаных сем’яў, клапоціцца дзяржава, многія прадпрыемствы і арганізацыі.  Не пакідаюць без увагі такую значную падзею і грамадскія аб’яднанні – БРСМ, прафсаюзы, «Белая Русь», таварыства Чырвонага Крыжа, актыўна далучаюцца неабыякавыя землякі. Дарыць падарункі дзецям на новы навучальны год – добрая традыцыя.

Дзіяна ТРЫСЦЕНЬ, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
– У Ляхавіцкім раёне аднаразовую матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку плануецца аказаць прыкладна 750 хлопчыкам і дзяўчынкам, якія выхоўваюцца ў 350 мнагадзетных сем’ях. Аднаразовая матэрыяльная дапамога на кожнага вучня складае 35 рублёў. Выплаты прадугледжаны ў межах рэалізацыі ў раёне падпраграмы «Сям’я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады. Выплата такой дапамогі праводзіцца ў асноўным па выяўляльным прынцыпе. Заява патрэбна толькі ў выпадках, калі мнагадзетная сям’я зарэгістравана ў нашым раёне, а дзеці вучацца па-за яго межамі.

Тамара ПРАКАП’ЮК, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– Калектыўныя дагаворы ў многіх прадпрыемствах і арганізацыях прадугледжваюць матэрыяльную дапамогу сем’ям з дзецьмі школьнага ўзросту. Напрыклад, у сельгаспрадпрыемствах такую падтрымку малазабяспечаным, неўладкаваным, мнагадзетным сем’ям акажа кожная пярвічка. Гэтыя катэгорыі падтрымае і раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК – на такія мэты выдаткавана 1700 рублёў.
Падчас акцый «Прафсаюзы – дзецям», «У школу з добрым сэрцам», «Партфель першакласніка» аказваецца дапамога ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года сем’ям, дзе выхоўваюцца школьнікі, у зоне асаблівай увагі – мнагадзетныя, неўладкаваныя, няпоўныя сем’і.

Жанна ЛЕШЫК, старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа:
– Няма такой дабрачыннай акцыі, якая б абышлася без удзелу таварыства Чырвонага Крыжа. Стартуе акцыя «Збяры дзіця ў школу». У жніўні 15 дзяўчынак-першаклашак, якія выхоўваюцца ў малазабяспечаных сем’ях, атрымаюць ад нашай абласной арганізацыі новенькі партфель, укамплектаваны ўсім неабходным – сшыткамі, вокладкамі, ручкамі, алоўкамі, пеналам, фарбамі, альбомам і іншымі атрыбутамі вучня.
Мнагадзетныя сем’і могуць звярнуцца за дапамогай. У салоне «Міласэрнасць» ёсць дзіцячае адзенне, абутак, цацкі, якія падарылі неабыякавыя землякі.

Вольга БУРАК, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын»:
– Дабрачынная акцыя, якую ладзіць наша арганізацыя, – «Збяром партфель разам». Прыемна, што да яе далучаецца ўсё больш землякоў. І ў гэтым жніўні ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі, у магазіне «Аліса» ўстаноўлены скрыні, кожны жадаючы можа папоўніць іх разнастайнымі канцылярскімі таварамі. Падарункі будуць перададзены ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спецыялісты якога выберуць сем’і, дзе дапамога найбольш патрэбна.