ЯШЧЭ ДА ШКОЛЫ. Пытанне, як збіраеце дзяцей у школу, «ЛВ» адрасаваў сваім землякам.

Кацярына КРАЎЧЭНЯ, мнагадзетная маці:
– Сёлетняе першае верасня для нашай сям’і асаблівае. Малодшая дачушка Яначка – першакласніца. Як толькі закончыла дзіцячы садок, адразу пачалі збіраць школьны партфель. Стараліся часцей браць Яну з сабой за пакупкамі, каб зацікавіць малышку школай. Канцылярскія тавары набылі ў Белбланкавыдзе. Для першакласніцы ранец і канцтавары абышліся ў 60 рублёў. Форму пакуль не куплялі нікому з траіх дзяцей, раптам яшчэ падрастуць. У нашай сям’і прынцып: на дзецях не эканоміць, купляем усё лепшае. Дапамагаюць і бабулі-дзядулі, і дзяржаўная падтрымка штогод (сёлета на кожнага школьніка – па 35 рублёў).

Алена КЛІМОВІЧ, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі:
– Старэйшая дачка Насця – васьмікласніца. Асноўныя расходы з сямейнага бюджэту для яе выдаткоўваем на адзенне – школьную форму дзелавога стылю, спартыўную форму, а таксама абутак, партфель. Не менш падрыхтоўкі  патрабуецца і для малодшай Машы, якая наведвае дзіцячы сад. Адзенне, абутак купляем у Баранавічах – на рынку, у магазінах. Абавязковая ўмова – дзяўчынкі самі павінны зрабіць выбар. А вось канцылярскія тавары і для школьніцы, і для дашколь-ніцы набываем у «Алісе» – там асартымент дастойны і задавальняе па кошце.

Святлана ЮРУЦЬ, ляхавічанка:
– Зараз знаходжуся ў дэк-рэтным адпачынку. Таму школьныя абноўкі для сына Мікіты, які пойдзе ў пяты клас, купляем, калі муж на выхадным і займаецца нашай двухгадовай Сафійкай. Літаральна днямі купіла ў ляхавіцкім «Дзіцячым свеце» канцылярскія прыналежнасці: сшыткі, фламастары, ручкі, алоўкі. Заплаціла больш за 50 рублёў,  але набылі амаль усё, засталіся дробязі. Школьнае адзенне, абутак, партфель абнаўляем штогод, сын расце, ды і хлопчыкі – народ актыўны, на іх усё гарыць. Некалькі касцюмаў нагледзела ў «Алісе», сын прыедзе з вёскі, дзе адпачывае ў дзядулі і бабулі, сходзім памераем.

Ганна ДЫДЫШКА, ляхавічанка:
– У нашай сям’і два школьнікі: сын – дзесяцікласнік, дачка – другакласніца. Дачка ўбачыла ў сяброўкі сарафан, такі ж захацела. Пайшлі ў «Алісу» і купілі. Канешне, задаволена, што адразу набылі патрэбную рэч, і што айчыннай вытворчасці: беларускай якасці давяраю. Сыну падабраць касцюм цяжэй. Тут пакуль нічога для яго не ўбачыла, давядзецца, як і летась, ехаць у Баранавічы. Канцылярскія тавары часцей за ўсё бяром у «Алісе».