Новы фармат фірмы. Брэндавую шыльду ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» дарэчна было б дапоўніць словам «плюс»

Брэндавую шыльду ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» дарэчна было б дапоўніць словам «плюс». Выглядала б даволі незвычайна, але ў поўнай адпаведнасці з цяперашнім статус-кво прадпрыемства.

Дырэктар ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.

З гісторыі  пытання
Справа ў тым, што параўнальна нядаўна тухавіцкі вытворца паліўных брыкетаў прырос філіялам у асобе торфапрадпрыемства «Калпеніца». За дзесяцігоддзі работы асноўныя фонды «Калпеніцы» дастаткова знасіліся, патрабавалі абнаўлення, а значыць, дадатковых працоўных сіл, фінансавых уліванняў, часу, канешне ж.
Як расказаў дырэктар ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько, іх сумесная гісторыя пачалася ў канцы чэрвеня мінулага года, калі ў статусе філіяла «Калпеніца», якая на той момант знаходзілася на рэканструкцыі, была далучана да галаўнога прадпрыемства. Сумесны год прайшоў у клопатах: будавалі, перабудоўвалі, дабудоўвалі вытворчыя і дапаможныя памяшканні, ставілі новае, рамантавалі былое ў карыстанні тэхналагічнае абсталяванне. Значны кавалак чыгуначнага шляху трапіў пад замену, частку вузкакалейкі падраўнялі-падправілі. Працавалі сумесна, гуртам, што называецца: падрадныя арганізацыі, спецыялісты з Тухавіч, канешне ж, самі работнікі калпеніцкага торфапрадпрыемства, у мадэрнізацыю якога з інвестыцыйных фондаў Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь укладзена каля трох мільёнаў рублёў.

Пуск дазваляецца
У пачатку мінулага месяца адбылося адкрыццё рэканструяванага цэха. Перарэзаць чырвоную стужку, а на справе – раздзяліць з працаўнікамі момант пускавых урачыстасцяў у пасёлак Акцябрскі Баранавіцкага раёна прыехалі высокія госці, сярод якіх профільны міністр Віктар Каранкевіч, генеральны дырэктар ДВА «Белпалівагаз» Аляксей Кушнарэнка і іншыя. Як расказаў Уладзімір Гунько, гучалі віншаванні з нагоды знакавай для працоўнага калектыву «Калпеніцы», пасёлка і Баранавіцкага раёна ў цэлым падзеі. Адзначалася высокая эканамічная важнасць мясцовых відаў паліва. Торф з’яўляецца адным з такіх, сыравінным багаццем нашай краіны. Нездарма ж ужо больш за дзесяцігоддзе ў краіне працуе дзяржаўная праграма з аднайменнай назвай. Яе асноўная мэта – маштабная рэарганізацыя тарфяной галіны ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта. Новая «Калпеніца» – адно са звёнаў праграмы «Торф».
Магчыма, не са старту, але ўжо ў кароткай перспектыве торфапрадпрыемства здольна выйсці на вытворчасць 30 тысяч тон паліўных брыкетаў у год. Зыходзячы з гэтай лічбы, сыравінных залежаў, па словах Уладзіміра Гунько, павінна хапіць на бліжэйшыя, як мінімум, паўтара дзясятка гадоў. На абноўленай вытворчасці занята 76 чалавек. Многія з іх цяперашнім часам працуюць у «полі» – здабываюць сыравіну.

Палявы сезон
У тарфянікаў ён нарматыўна доўжыцца чатыры месяцы – май і тры летнія. Гэта аптымальныя і найбольш спрыяльныя часавыя рамкі. Аднак зусім не догма. Нярэдка здараецца так, што правілы дыктуе надвор’е. Дажджы ставяць торфаўборку на паўзу. Наколькі працяглую – залежыць ад іх жа і ад таго, наколькі сонечна-ветранымі будуць наступныя дні. Вось і атрымліваецца: каб выбраць прагнозна-неабходныя аб’ёмы фрэзера, іншым годам торфанарыхтоўшчыкам даводзіцца «прыхапіць» частку верасня. Што да сезона-2020, Уладзімір Гунько ўсё па той жа «мокрай» прычыне не хваліць чэрвень. Маўляў, разлічвалі на большае. І наадварот – з лічбамі ў руках рэспектуе ліпень. Напрыклад, 25 чысла было нарыхтавана 3890 тон фрэзернага торфу. Пры сярэднясутачных 1,5 тысячы тон – гэта свайго роду пікавая лічба.
Усяго пад патрэбы вытворчага года «Ляхавіцкаму» належыць запасціся 130 тысячамі тон фрэзторфу, працэнтаў 90 з якіх ужо ляжаць у штабелях. А да закрыцця нарматыўнага сезона здабычы, між іншым, яшчэ дзве жнівеньскія дэкады.

Ліпень «правакуе» попыт
Брыкетны цэх ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» параўнальна нядаўна «выйшаў» з чарговага штогадовага адпачынку. Прайшоў аздараўленне рамонтам, адбылося абнаўленне памяшканняў, бачны сляды добраўпарадкавання тэрыторый. Актыўна набірае абароты.
Ліпень справакаваў попыт на прадукцыю, чым задаў тон рабоце брыкетчыкаў.
– У параўнанні з папярэднім месяцам, у ліпені збыт павялічыўся амаль у паўтара раза. Распрадалі склад, зараз запасы брыкету параўнальныя з аб’ёмам яго сутачнага выпуску. У адносінах са сваім пакупніком імкнёмся весці максімальна пластычную гандлёвую палітыку: прапануем прадукцыю ў разнамерных фасоўках. Гэта можа быць і сцягнутая стужкай ці ўпакаваная ў плёнку дзесяцікілаграмовая брыкетная кіпа, а можа і 1000-кілаграмовы біг-бэг. У арсенале таксама мяшок на чвэрць цэнтнера і той жа біг-бэг, але ўжо на паўтоны. Канешне, давялося ўкласціся ў фасовачнае абсталяванне, але інтарэсы спажыўца – інтарэсы завода, – паказваючы на дзесяцікілаграмовы куб з брыкетаў тлумачыць Уладзімір Паўлавіч.
Дыверсіфікацыя,экспарт, імпартазамяшчэнне
Пачнём з апошняга. Аказваецца, фрэзерны торф у якасці грунту для шампіньённіц паступаў да нас з замежжа. Магчыма, працягвае паступаць, але, відавочна, у меншым аб’ёме. ТБЗ «Ляхавіцкі» і яго філіял ТП «Калпеніца» ўжо адгрузілі адной айчыннай фірме-грыбаводу некалькі тысяч тон спецыфічнага тавару.
Як і раней, для істотнай долі тухавіцкіх брыкетаў пунктам назначэння з’яўляюцца замежныя краіны. Нямецкі, славацкі, прыбалтыйскі вектары сталі ўжо класікай экспартнага жанру. Супрацоўніцтва з Украінай, якая і да таго значылася ў гэтым спісе, можа быць дапоўнена – пайсці па яшчэ адным накірунку: каля месяца назад у адрас аднаго цукровага завода краіны-суседкі адгружана 1000-тонная партыя тухавіцкага брыкету.
Пра дыверсіфікацыю вытворчасці коратка. Таму, па-першае, што пастаўкі сушонкі ў адрас ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» – тэма даўно не новая. А факт вырабу 60-тоннай партыі брыкетаў з драўнянага пілавіння, завадчане выдаюць за сціплы новы вопыт.

Усе профі  ў госці да нас
У кастрычніку на базе і на вопыце ТБЗ «Ляхавіцкі» адбудзецца рэспубліканскі семінар-нарада па выніках сезона здабычы торфу. Па аналогіі з сельскай гаспадаркай, тарфяныя «дажынкі». Кіраўніцтва, спецыялісты «Белпалівагаза», дырэктары заводаў падзеляцца вопытам, абмяркуюць надзённае. Лепшыя па прафесіях работнікі галіны атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Сярод такіх лепшых, дарэчы, штогод значацца працаўнікі ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.