Апетытны перапынак. Абеды і падвячоркі хутка і своечасова дастаўляюцца на палявы стан механізатарам у Ляхавіцкім раёне

Сталовая пад адкрытым небам у ААТ «Шлях новы»

Адна са стратэгічных задач на ўборачнай – смачна і разнастайна накарміць рупліўцаў хлебнай нівы. У адных гаспадарках смажаць-вараць ва ўласных сталовых, для іншых гатуюць на прадпрыемствах раённага спажывецкага таварыства ці ў сталовых гаспадарак-суседзяў. Галоўнае – абеды і падвячоркі хутка і своечасова дастаўляюцца на палявы стан.

Вось ужо два гады, як цэнтр харчавання працаўнікоў ААТ «Жарабковічы» перамясціўся з аграгарадка ў вёску Канюхі ў адрамантаваны за кошт сродкаў ААТ будынак мясцовай школы, пераабсталяваны ў аб’ект грамадскага харчавання. Напрыклад, сёлета, акрамя работнікаў «Жарабковічаў», тут гатуюць і для тых, хто працуе на палетках ДП «Нача» і ААТ «Шлях новы» – усяго каля 400 абедаў і 180 падвячоркаў штодня. Нялёгкая гэта справа: наварыць, насмажыць такую колькасць страў. Але калектыў сталовай (усяго 10 работнікаў), які ўзначальвае вопытны майстар Ганна Барташэвіч, спраўляецца.
– Разумеем, што тых, хто працуе ў полі, трэба накарміць не толькі спажыўна, але і смачна, і каб ежа была апетытнай. Дзеля гэтага прыкладаем усе намаганні. Скарбонка правераных рэцэптаў, безумоўна, ёсць. Але стараемся мяняць інгрэдыенты, то іншую прыпраўку дабавіць, то кропу ці пятрушкі, і вось, лічы, новая страва атрымалася. У механізатараў цікавімся, што ім больш даспадобы. Сёння на палявыя станы павязём на абед суп гарохавы, кашу з грэцкіх круп, катлеты, смажаную каўбасу, кампот, батон, хлеб, на падвячорак гатуем бульбяное пюрэ, смажаныя кураціну і свініну, салат са свежай агародніны, кампот, хлеб, – гаворыць Ганна Барташэвіч.
Неаднойчы даводзілася чуць ад жарабковіцкіх удзельнікаў жніва, што ў сталовай гатуюць смачна і разнастайна, улічваюць запыты і густы хлебаробаў. Важна не толькі добра прыгатаваць, але і ў час даставіць, гарачым раскласці па талерках. Што-дня строга па раскладзе пад’язджае на поле прыстасаваны для перавозкі ежы аўтамабіль (усяго на жніве ў «Жарабковічах» задзейнічана чатыры адзінкі такой тэхнікі).
Часткай прадуктаў сталовую забяспечвае сельгаспрадпрыемства. Астатняе – закупляюць у фермераў, райпо і г. д. Тыя, хто харчуецца на полі, плацяць за два прыёмы ежы ў дзень сімвалічную суму – усяго 10 капеек.
– Не першы год заключаем дагавор з «Жарабковічамі» на арганізацыю харчавання механізатараў. І ніколі не ўзнікае праблем з якасцю прыгатаваных страў. Вось і сёлета ўдзельнікі жніва толькі дзякуюць жарабковіцкім поварам. Абеды і падвячоркі штодня ў нас атрымліваюць ад 30 да 40 чалавек. Аплата – 10 працэнтаў ад агульнага кошту. Стравы ў поле дастаўляем транспартам сельгаспрадпрыемства, – адзначае намеснік дырэктара  ДП «Нача» Галіна Рамейка.
З васьмі гадзін раніцы кіпіць работа ў сталовай ЗАТ «Белпрампрыбор».
Сёлетняе жніво – першае для Леакадзіі Кляцковай у якасці повара сталовай гэтага прадпрыемства. Ёй трэба гатаваць кожны дзень каля 25 абедаў і 18 падвячоркаў.
– Гатаваць няцяжка, прывыкла – як-ніяк тэхнолаг харчовай прамысловасці. Галоўнае, усё рабіць з добрым настроем – тады абавязкова будзе смачна. Нашы механізатары ў ежы непераборлівыя, гавораць, што ім усё падабаецца. Але меню імкнуся разнастаіць. Сёння, напрыклад, на абед быў суп з капусты, плоў, салат з памідораў, какава, хлеб, батон, на падвячорак – катлеты, макароны, салат з капусты, морс, – дзеліцца меню Леакадзія Кляцкова.
– Стараецца наш повар, стравы ў яе – што трэба! Механізатары задаволены. Выдатна падсілкаваўшыся, набраўшыся сіл, добра працуюць, – адзначае намеснік дырэктара «Белпрампрыбора» Андрэй Вараб’ёў.
За харчаванне ў полі работнікі сельгас-прадпрыемства плацяць 10 працэнтаў ад кошту абеду.
Гарачае харчаванне хлебаробаў арганізавана і ў іншых гаспадарках раёна.Так, у рэстаране «Ластаўка» гатуюць для работнікаў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», у кафэ «Алеся» – СВК «Ляхавіцкі», ільнонасенстанцыі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.