О профессии юриста председатель суда Ляховичского района мечтала с детства

Пра прафесію юрыста яна марыла з дзяцінства: уяўляла, як у строгім касцюме і з дакументамі ў партфелі ідзе ў свой кабінет на вялікім прадпрыемстве. Тады светлагорская школьніца са звычайнай працоўнай сям’і нават і не здагадвалася, што існуе такая ўстанова як суд, тым больш — чым ён займаецца.
Сёння пра судовую сістэму, у якой працуе ўжо амаль 18 гадоў, Наталля Буднік ведае літаральна ўсё. Летась разам з ганаровым знакам Саюза юрыстаў Беларусі «Ex Lege» яна атрымала статус экстра-юрыста — за высокі прафесіяналізм і кампетэнтнасць.
Шлях да такога прызнання не быў лёгкім і простым. У 2002-ім Наталля Віктараўна ўзначаліла суд Ляхавіцкага раёна. За плячамі тады самага маладога на Брэстчыне старшыні суда, акрамя вопыту работы суддзёй у судах Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, было 5 гадоў адвакацкай практыкі.
Суддзя — прафесія асаблівая, у яе прыходзяць адзінкі — самыя дастойныя. Напружаная работа патрабуе не толькі дасканалага валодання заканадаўчай базай і спецыяльных ведаў, але і майстэрства псіхолага, пэўнага жыццёвага вопыту, абвостранага пачуцця справядлівасці. Запоўненыя прафесійнымі клопатамі дні (у тым ліку, часцяком, і выхадныя), бяссонныя ночы над паперамі, кожная з якіх важная і можа стаць вырашальнай у лёсе канкрэтнага чалавека, рашэнні, якія часам даюцца няпроста (па прызнанні Наталлі Віктараўны для яе самыя складаныя — тыя, што звязаны з дзецьмі: пазбаўленне бацькоўскіх правоў, крымінальныя справы ў дачыненні непаўналетніх), вялікая адказнасць за кожны ўласны крок і за свой калектыў — такі рытм жыцця здольны вытрымаць далёка не ўсе. Гэтая абаяльная жанчына спраўляецца выдатна. Пад яе кіраўніцтвам суд Ляхавіцкага раёна тройчы прызнаваўся пераможцам у абласным і двойчы ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы раённы суд.
— Мне заўсёды шанцавала на калег. І я ўдзячна ўсім, з кім давялося працаваць раней, свайму сённяшняму невялікаму — усяго 15 чалавек, — але вельмі дружнаму калектыву за разуменне і падтрымку, за такую атмасферу, у якой хочацца працаваць, — сцвярджае Наталля Буднік.
Прафесія, безумоўна, накладае свой адбітак і на асабістае жыццё, у якім на першым месцы — сям’я.
— Гэта галоўнае для любой жанчыны! На жаль, часцяком маім родным катастрафічна не хапае мяне ў ролі клапатлівай маці і гаспадыні. Па вялікім рахунку, многія дамашнія клопаты даўно ўзяла на сябе старэйшая дачка. Ды і сын расце самастойным — у свае 8 гадоў разумее, што мама без яго дапамогі не справіцца, — прызнаецца Наталля Віктараўна.
16-гадовая Паліна, дарэчы, таксама марыць пра юрфак — разглядае варыянт працягу сямейнай дынастыі. Ды і малодшы Алёшка ўжо валодае пэўнай судовай тэрміналогіяй — расце, можна сказаць, у мамы на рабоце.
Што пажадаць зямлячкам у свята, Наталля Буднік нават не задумвалася:
— Усім нашым жанчынам — моцнага здароўя. Быць любімымі. І галоўнае — шчаслівымі маці — незалежна ад прафесіі і пасады.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *