Камісія дала дабро. 11 і 12 жніўня ўстановы адукацыі Ляхавіцкага раёна трымалі экзамен

Два дні – 11 і 12 жніўня – установы адукацыі раёна трымалі экзамен: спецыяльная камісія ў складзе кіраўніцтва райвыканкама, аддзела па адукацыі, РАУС, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правярала гатоўнасць школ да пачатку новага навучальнага года і падпісвала адпаведныя акты. У цэнтры ўвагі – харчаблокі, спартзалы і пляцоўкі, гульнявое абсталяванне, кабінеты і г.д. Стварэнне бяспечных і камфортных умоў знаходжання хлопчыкаў і дзяўчынак у адпаведнасці з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі арыенцір для ўстаноў адукацыі пры падрыхтоўцы школ да 1 верасня.


– Усе 15 школ, 12 дзіцячых садоў раёна, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі камісія прыняла. Усюды праведзены касметычны ці іншага віду рамонт. Аб’ём зробленага – значны. Работы вяліся, у тым ліку, сіламі педкалектываў і дзякуючы спонсарскім сродкам, бацькоўскай дапамозе, даходу ад пазабюджэтнай дзейнасці. Кожная з устаноў пастаралася з улікам магчымасцяў абнавіцца і прыемна здзівіць унутраным выглядам. Некаторыя школы закупілі мэблю, стэнды, іншыя добраўпарадкавалі тэрыторыю, замянілі на сценах шпалеры на фарбу і г. д.
Гімназія, СШ № 1, СШ № 2, дзіцячы сад № 2 і 4, Начаўская, Востраўская, Тухавіцкая, Дараўская, Навасёлкаўская СШ – у гэтых і іншых установах адукацыі раёна парадавалі ўменнем прыўнесці ў звыклы пейзаж свежы, крэатыўны штрых, – падзялілася з «ЛВ» уражаннямі начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская.
1 верасня ўрокі ў раёне пачнуцца для 2600 школьнікаў, дзіцячыя садкі будуць наведваць 850 дашкольнікаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.