Базар на асфальце. Санстанцыя заўзята змагаецца з нелегальным гандлем

З багажніка машыны на мяне глядзеў цэлы ягадны супермаркет: у вёдрах вішня – свежая, духмяная. Ягада адна да адной, хоць зараз на рэкламны плакат. Побач – у слоічках – чарніцы. Таксама любата. А прадавец раз-пораз нахвальвае свой прадукт: «Бярыце, сакавітая, свежая! Вішня са сваіх дрэў, а чарніцы жонка зраніцы сабрала, ведае месцы».

На маё пытанне, ці ёсць у прадаўца дакумент, што чарніцы прайшлі экспертызу, мужчына спачатку трохі стушаваўся, а потым аджартаваўся: маўляў, на кожную ягадку вам дакумент патрэбен ці адразу на слоік?

Гэта было б сапраўды смешна, аднак, у выпадку чаго, прад’явіць прэтэнзіі будзе няма каму, бо, купляючы прадукты з рук, ці, як кажуць, з зямлі, далей усю адказнасць за сваё здароўе вы несяце самі. Дарэчы, хвілін праз дзесяць прадаўца-нелегала ўжо і след прастыў.

Згодна з рашэннем райвыканкама, на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна размешчана 58 спецыяльных месцаў для фізасоб, якія прадаюць садавіну і агародніну з уласнага падвор’я. У горадзе такіх месцаў 16.
Аднак гэта не значыць, што можна проста прыйсці і пачаць гандляваць. І прадавец, і яго прадукцыя павінны прайсці шэраг працэдур перад тым, як аказацца на рынку.

Як расказалі ў райЦГіЭ, уся прадукцыя павінна быць з дакументамі, якія сведчаць пра яе якасць і бяспеку. Атрымаць адпаведную даведку можна ў лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы на рынку.
Здароўе прадаўца таксама павінна быць у норме: пры сабе трэба мець даведку аб стане здароўя, адзнаку аб пройдзенай флюараграфіі.
Абавязковае выкананне ўмоў захоўвання і рэалізацыі прадукцыі, тэрмінаў прыдатнасці, тэмпературнага рэжыму. Агародніна, зеленіва, грыбы, ягады і садавіна павінны прадавацца са сталоў, з кошыкаў, бочак, скрынь, мяшкоў, якія размяшчаюцца на падтарніках, што засцерагаюць прадукцыю ад дотыку з зямлёй.

Гандаль з аўтамабіля таксама прадугледжаны, але гэта трэба рабіць на спецыяльна адведзенай пляцоўцы, а транспарт павінен быць у спраўным стане, чыстым без старонняга паху. Унутраная паверхня кузава – з пакрыццём, якое можна лёгка памыць і прадэзынфіцыраваць.

Нефасаваную прадукцыю прадавец павінен расфасоўваць з дапамогай спецыяльнага інвентара: лыжкі, шчыпцоў, лапаткі.

У раёне створана спецыяльная рабочая група па спыненні гандлю ў неўстаноўленых месцах. З пачатку гэтага года праведзена больш за 50 абследаванняў тэрыторыі з мэтай выяўлення гандлю ў неўстаноўленых месцах на тэрыторыі жылых раёнаў, рынку, прад-прыемстваў гандлю і аўтадарог.

Чаму ж санстанцыя так заўзята змагаецца з нелегальным гандлем? Чым здольны нашкодзіць, напрыклад, слоічак варэння або кошык ягад ад мілай бабулькі? Невыкананне санітарных нормаў можа стаць прычынай харчовых атручванняў (у тым ліку батулізму) і ўзнікнення вострых кішачных інфекцый.

Дарэчы, жадаючыя нелегальна падзарабіць могуць, наадварот, уляцець у капеечку: за гандаль у неўстаноўленым месцы прадугледжаны штраф да трох базавых велічынь.

Ірына КУЗЬМІЧ.